Urbi et orbi: паверым зноў у тое, што мір магчымы!
Марыя Валодзіна – Vatican News
Пасля святочнай велікоднай Імшы, якая 20 красавіка 2025 года прайшла на Плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Папа звярнуўся да вернікаў усяго свету з пасланнем Urbi et Orbi і ўдзяліў сваё апостальскае благаслаўленне. З цэнтральнай лоджыі ватыканскай базілікі ён пажадаў вернікам “Шчаслівага Вялікадня!” і даручыў майстру літургічных цэлебрацый, арцыбіскупу Дыега Равэлі, прачытаць яго пасланне “Гораду і свету”. (ПОЎНЫ ТЭКСТ)
“Сёння ў Касцёле нарэшце гучыць “Алілуя”, яно перадаецца з вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца, і яго спеў выклікае слёзы радасці ў народа Божага па ўсім свеце”, - такімі словамі пачынаецца велікодны зварот Святога Айца.
З пустой магілы ў Ерузалеме даходзіць да нас неверагодная навіна: Укрыжаванага Езуса “тут няма; Ён уваскрос” (Лк 24, 6). Яго няма ў магіле, Ён жывы! “Любоў перамагла нянавісць. Святло перамагло цемру. Праўда перамагла хлусню. Прабачэнне перамагло помсту. Зло не знікла з нашай гісторыі, яно застанецца да самага канца, але яно ўжо не валадарыць, не мае ўлады над тымі, хто прымае ласку гэтага дня”, - напісаў Папа.
“Браты і сёстры, асабліва тыя, хто адчувае боль і роспач, ваш маўклівы крык быў пачуты, вашы слёзы былі сабраныя, ніводная не згубілася! У Муцы і Смерці Езуса Бог узяў на сябе ўвесь грэх свету і сваёй бясконцай міласэрнасцю перамог яго: выкарчаваў д'ябальскую пыху, якая атручвае чалавечае сэрца і сее гвалт і разбурэнне. Ягня Божае перамагло! Таму сёння мы ўсклікаем: “Хрыстус, мая надзея, уваскрос!” - нагадаў Пантыфік.
Уваскрасенне Езуса – гэта падмурак надзеі. Пасля гэтай падзеі надзея перастае быць ілюзіяй. Наадварот, дзякуючы Укрыжаванаму і Уваскросламу Хрысту надзея не падманвае! "Spes non confundit!" (пар. Рым 5, 5). Гэта надзея не расплывістая, а патрабавальная; яна не адчужае, а робіць нас адказнымі, - зазначыў Францішак.
“Тыя, хто спадзяюцца на Бога, кладуць свае слабыя рукі ў Яго моцную далонь, дазваляюць падняць сябе і ісці далей: разам з Уваскрослым Езусам мы становімся пілігрымамі надзеі, сведкам перамогі любові, бяззбройнай моцы жыцця”, - нагадаў Папа.
“Хрыстус уваскрос! У гэтым пасланні заключаны ўвесь сэнс нашага існавання, якое створана не для смерці, а для жыцця. Вялікдзень – гэта свята жыцця! Бог стварыў нас для жыцця і хоча, каб чалавецтва ўваскросла. У Яго вачах кожнае жыццё каштоўнае: і жыццё дзіцяці ва ўлонні маці, і жыццё старых ці хворых, якіх у многіх краінах усё часцей лічаць непатрэбнымі”, - напісаў Пантыфік.
“Колькі прагнення смерці мы бачым штодзень у шматлікіх канфліктах па ўсім свеце! Колькі гвалту мы бачым нават у сем’ях, у дачыненні да жанчын і дзяцей! Колькі пагарды да слабейшых, да маргіналізаваных, да мігрантаў! Сёння я заклікаю ўсіх нас адрадзіць надзею і давер да іншых, нават тых, хто далёкі, хто мае іншыя звычаі, іншы лад жыцця, іншыя ідэі і традыцыі. Бо ўсе мы – дзеці Божыя!” - нагадаў Папа.
“Я жадаю, каб мы зноў паверылі ў тое, што мір магчымы! Няхай з Гроба Пана, з Касцёла Уваскрасення ў Іерусаліме, дзе сёлета католікі і праваслаўныя святкуюць Вялікдзень разам, святло міру распаўсюдзіцца на ўсю Святую Зямлю і ўвесь свет”, - пажадаў Францішак.
“Я адчуваю блізкасць да пакутуючых хрысціян у Палесціне і Ізраілі, як і да ўсяго ізраільскага і палесцінскага народа. Мяне трывожыць рост антысемітызму ў свеце. Адначасова я думаю пра жыхароў Газы і асабліва пра хрысціянскую супольнасць, якая пакутуе ў жудасным канфлікце, які нясе смерць, разбурэнні і гуманітарную катастрофу. Заклікаю бакі да спынення агню! Няхай закладнікі будуць вызваленыя! Няхай дапамога дойдзе да тых, хто галадае і прагне мірнай будучыні!” - заклікаў Святы Айцец.
“Молімся за хрысціян Лівана і Сірыі, якія прагнуць стабільнасці і ўдзелу ў жыцці сваіх краін, асабліва ў гэты складаны гістарычны момант для Сірыі. Заклікаю ўвесь Касцёл з малітвай і ўвагай падтрымліваць хрысціян дарагога Блізкага Усходу”, - напісаў Папа.
Асобна Францішак згадаў народ Емена, які з-за вайны перажывае адну з найгоршых працяглых гуманітарных катастроф у свеце. Ён заклікаў бакі шукаць рашэнні праз канструктыўны дыялог.
“Няхай Уваскрослы Хрыстус прынясе велікодны дар міру для змучанай Украіны і натхніць усе бакі на намаганні дзеля справядлівага і трывалага міру”, - пажадаў Пантыфік.
“Сёння, у гэты радасны дзень, мы молімся за Паўднёвы Каўказ, каб хутчэй было падпісана і рэалізавана мірнае пагадненне паміж Арменіяй і Азербайджанам, што прынясе доўгачаканае прымірэнне ў гэтым рэгіёне”, - напісаў Папа.
“Няхай велікоднае святло натхніць на згоду на Заходніх Балканах і падтрымае палітыкаў у спробах пазбегнуць эскалацыі напружання і нестабільнасці, і хай партнёры рэгіёна супрацьстаяць разбуральным і небяспечным дзеянням”, - пажадаў Святы Айцец.
“Няхай Уваскрослы Хрыстус, наша надзея, прынясе мір і суцяшэнне народам Афрыкі, ахвярам гвалту і канфліктаў, асабліва ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, у Судане і Паўднёвым Судане, хай падтрымае тых, хто пакутуе ад напружання ў Сахелі, на Афрыканскім Розе і ў рэгіёне Вялікіх азёр, а таксама хрысціян, якія не могуць вольна вызнаваць сваю веру”, - нагадаў Папа.
Мір немагчымы там, дзе няма рэлігійнай свабоды, свабоды думкі і слова, дзе не паважаецца іншае меркаванне. Мір немагчымы без сапраўднага раззбраення! Імкненне народаў да бяспекі не павінна ператварацца ў агульную гонку ўзбраенняў. Велікоднае святло заклікае нас ламаць бар'еры, якія ствараюць падзел і маюць цяжкія палітыка-эканамічныя наступствы. Яно заклікае нас клапаціцца адзін пра аднаго, узмацняць узаемную салідарнасць і працаваць дзеля ўсебаковага развіцця кожнага чалавека, - гаворыцца ў пасланні.
Папа заклікаў не забываць пра народ М’янмы, які ўжо шмат гадоў пакутуе ад узброенага канфлікту, а не так даўно пацярпеў ад разбуральнага землятрусу, які забраў тысячы жыццяў і пакінуў шматлікіх сірот і старых у пакутах. “Молімся за ахвяр і іх блізкіх, дзякуем усім шчырым валанцёрам. Навіна пра спыненне агню ў розных рэгіёнах краіны – знак надзеі для ўсёй краіны”, - лічыць Францішак.
Святы Айцец звярнуўся да ўсіх палітыкаў свету, заахвочваючы іх не паддавацца логіцы страху, а ўжываць рэсурсы дзеля дапамогі патрабуючым, барацьбы з голадам і падтрымкі ініцыятыў развіцця. Гэта сапраўдная “зброя” міру – тая, што стварае будучыню, а не сее смерць.
“Няхай прынцып гуманнасці заўсёды будзе асновай усіх нашых дзеянняў. Перад тварам жорсткасці канфліктаў, якія закранаюць мірных жыхароў, школы, шпіталі і супрацоўнікаў гуманітарных арганізацый, мы не можам дазволіць сабе забыць пра тое, што гэта не “аб’екты”, а людзі, з душой і годнасцю”, - нагадаў Папа.
“У гэты Юбілейны год, няхай Вялікдзень стане добрай нагодай для вызвалення ваеннапалонных і палітычных вязняў!” - пажадаў Францішак, заклікаючы вернікаў даверыцца Пану, “бо толькі Ён можа зрабіць усё новым!”