“Слухаць важна для міру” – невядомы раней зварот Папы да моладзі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Дарагія хлопцы і дзяўчыны, адна з самых важных спраў у жыцці – гэта слухаць, навучыцца слухаць. Калі нехта кажа вам штосьці, дачакайцеся, пакуль ён дагаворыць, каб добра зразумець, і калі маеце, што сказаць – кажыце. Але важна выслухаць”, - з такімі словамі Пантыфік звярнуўся да маладых удзельнікаў сустрэчы пад назвай “Майстэрня слухання”.
Ініцыятыва была адрасавана падлеткам і дарослым з мэтай навучыць прадстаўнікоў розных пакаленняў уважліва слухаць адно аднаго. Відэапрывітанне да іх Папа запісаў у пакоі сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.
“Паглядзіце на людзей: людзі не ўмеюць слухаць. Ужо на палове слова яны перабіваюць, а гэта не спрыяе міру. Слухайце, уважліва слухайце”, - заахвоціў Святы Айцец, заклікаючы моладзь таксама чэрпаць з мудрасці пажылых людзей. “Не забывайцеся пра бабуль і дзядуль. Яны многаму могуць навучыць нас. Я малюся за вас, а вы маліцеся за мяне”, - сказаў Папа, завяршыўшы пасланне жэстам благаслаўлення.