Велікодная Імша ў Ватыкане: спяшацца насустрач Уваскросламу
Марыя Валодзіна - Vatican News
У Велікодную нядзелю, 20 красавіка 2025 года, у Ватыкане прайшла ўрачыстая святая Імша, якую ад імя Францішка ўзначаліў кардынал Анджэла Камастры, архіпрэзбітэр-эмерыт Базілікі Святога Пятра і Папскі вікарый-эмерыт для Дзяржавы Ватыкан. Ён агучыў гамілію, падрыхтаваную Святым Айцом.
У ёй Папа нагадаў аб тым, як Марыя Магдалена, убачыўшы, што камень адсунуты ад магілы, пабегла і расказала пра гэта Пятру і Яну. Атрымаўшы ашаламляльную вестку, вучні выйшлі і, як гаворыцца ў Евангеллі, "пабеглі абодва разам" (Ян 20, 4). “Усе ўдзельнікі Вялікадня бягуць! І гэты "бег" сведчыць, з аднаго боку, пра непакой з-за адсутнасці цела Пана, але, з другога боку, бег Марыі Магдалены, Пятра і Яна кажа аб парыве сэрца тых, хто збіраецца на пошукі Езуса. Бо Ён уваскрос, і таму Яго больш няма ў магіле. Яго трэба шукаць у іншым месцы”, - гаворыцца ў гаміліі.
“Хрыстус уваскрос, Ён жывы! Ён не застаўся палонным смерці, Ён больш не ахутаны саванам”, і таму Яго нельга зрабіць гістарычным героем мінулага або думаць пра Яго як пра статую ў музейнай зале! Наадварот, мы павінны шукаць Яго, і таму нельга стаяць на месцы. Мы павінны рухацца, ісці, шукаць Яго: шукаць Яго ў жыцці, у тварах братоў, у паўсядзённасці, усюды, акрамя магілы, - заклікаў Святы Айцец.
“Таму што, калі Ён уваскрос з мёртвых, то Ён прысутнічае паўсюль, жыве сярод нас, хаваецца і раскрываецца нават сёння ў тварах сясцёр і братоў, з якімі мы сутыкаемся на гэтым шляху, у самых ананімных і непрадказальных сітуацыях нашага жыцця. Ён жыве і заўсёды застаецца з намі, плача разам з тымі, хто пакутуе, і памнажае прыгажосць жыцця праз маленькія жэсты любові кожнага з нас”, - напісаў Францішак.
Таму Пасхальная вера – гэта не статычны спакой, а дынамічны рух насустрач Уваскросламу Пану, які штодня падахвочвае нас бегчы, як Марыя Магдалена і апосталы, шукаць Яго зноў, ведаючы, што Ён дазваляе знайсці сябе і асвятляе нас святлом свайго Уваскрасення.
“Браты і сёстры, вось найвялікшая надзея нашага жыцця: мы можам пражыць гэта беднае, крохкае і параненае існаванне, трымаючыся за Хрыста, таму што Ён перамог смерць, перамог нашу цемру і цемру свету, каб мы маглі жыць з Ім у радасці, назаўжды”, - сцвердзіў Пантыфік.
У кантэксце Юбілею Вялікдзень становіцца момантам абнаўлення і надзеі. “Мы не можам пакінуць сваё сэрца ў ілюзіях гэтага свету або замкнуць яго ў смутку, мы павінны бегчы, поўныя радасці. Давайце пабяжым насустрач Езусу, зноў адкрыем для сябе неацэнную ласку быць Яго сябрамі! Хай Яго Слова Жыцця і праўды асвятліць наш шлях”, - заклікаў Святы Айцец, цытуючы тэолага Анры дэ Любака, які казаў, што “хрысціянства – гэта Хрыстус. Сапраўды, больш нічога няма. У Хрысце ў нас ёсць усё”.
Яму, Пераможцу над грахом і смерцю, мы хочам сказаць: "Пане, у гэтае свята мы просім Цябе аб дары: стаць новымі, каб жыць гэтай вечнай навізной. Страсяні з нас, Божа, сумны пыл звычкі, стомленасці і расчаравання. Дай нам радасць прачынацца кожную раніцу са здзіўленымі вачыма, каб убачыць новыя колеры гэтай раніцы, унікальныя і непадобныя адзін на аднаго. [...] Усё новае, Пане, і нішто не паўтараецца, нішто не старое”, - звярнуўся Францішак.
"З Табой, Пане, усё новае. З Табой усё пачынаецца зноў", - такімі словамі завяршылася велікодная гамілія Святога Айца.