Біблія. Цяжкая і лёгкая адначасова
Уявіце сабе юнака, які так моцна кахае дзяўчыну, што бачыць яе ўсюды: у кожным сустрэчным мінаку, у кожнай хвіліне дня і нават у абрысе хмар. Менавіта так, казаў Эразм Ратэрдамскі, людзі, захопленыя пэўнымі ідэямі, здольныя бачыць свае перакананні амаль у кожным радку Святога Пісання.
Біблія — гэта збор тэкстаў, якія былі напісаны ў розныя эпохі, рознымі аўтарамі і ў розных гістарычных кантэкстах. Для некаторых яе змест крыштальна зразумелы і прама кажа пра веру, любоў, грэх і збаўленне. Для іншых яна выглядае як загадкавая карта, поўная сімвалаў і схаваных значэнняў.
Гэты выпуск – пра разуменне Бібліі. Задачай аўтара будзе сфармуляваць некалькі тлумачальных ідэй, арыенціраў, якія дапамогуць зразумець Святое Пісанне, дапамогуць не згубіцца ў лабірынце сімвалаў, вобразаў і метафар.