Айцец Фалтас: шакуючыя даныя пра загінулых дзяцей у сектары Газа
Ян Глінскі
“Забойства нявінных людзей, няздольных нікому нашкодзіць, – гэта пляма, якую чалавецтва ніколі не зможа змыць са сваёй гісторыі”, - адзначыў вікарый Кустодыі Святой Зямлі, айцец Ібрагім Фалтас.
“Неверагодна балюча думаць аб ранах, якія многія з іх, хоць і выжылі, будуць несці на сваіх целах, у сэрцах і розумах да канца жыцця”, - дадаў францішканін, які ад пачатку вайны дапамагае наймалодшым з Газы і бачыць пакуты бацькоў, дзеці якіх гінуць падчас нападаў. Як адзначыў законнік, паводле ацэнак, каля 20 тысяч непаўналетніх засталіся сіротамі.
Як падкрэсліў вікарый Кустодыі, весткі пра смерць і разбурэнні, якія прыходзяць у гэтыя дні, асабліва балючыя, бо гэта “важны час на Святой Зямлі: для мусульман гэта месяц Рамадан, а для хрысціян – перыяд Вялікага посту”. Па словах айца Фалтаса, “гэта час, калі людзі паважаюць абрады, літургію і традыцыі адзін аднаго”.
“Свет поўны спачування да дзяцей, ён адчувае адказнасць за забеспячэнне іх правоў, будучыні і базавых патрэб. Аднак уражвае, што гэтага пачуцця не падзяляюць тыя, хто нясе смерць і цярпенні”, - сказаў францішканін, а таксама нагадаў пра штогадовы збор ахвяраванняў у Вялікую пятніцу на патрэбы Святой Зямлі. “Маю надзею, што ў гэтым годзе ён будзе яшчэ больш шчодрым”, – дадаў айцец Фалтас і заклікаў маліцца аб дары міру для дзяцей ва ўсім свеце.