Пошук

Стары Дамаск Стары Дамаск 

Арцыбіскуп Хомса: Сірыя далёкая ад свабоды і дэмакратыі

Арцыбіскуп Хомса заклікае да абароны свабоды асобы ў Сірыі, якая тры месяцы пасля падзення рэжыму Башара Асада застаецца ахопленай насіллем і помстай.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сірыя, якая перажыла падзенне рэжыму Башара Асада, працягвае змагацца з насіллем і крызісам, што ахапілі краіну. Арцыбіскуп Жак Мурад у інтэрв’ю для медыя Святога Пасада выказаў глыбокую заклапочанасць сітуацыяй у краіне, адзначыўшы, што "плёны дэмакратыі" пакуль недасягальныя для сірыйцаў.

"Немагчыма жыць пад уладай аднаго чалавека," - падкрэсліў іерарх, заклікаючы да падзелу ўлады і павагі да разнастайнасці. Паводле яго слоў, новая часовая канстытуцыя, прынятая некалькі тыдняў таму, не задавальняе чаканняў народа. "Ні мусульмане, ні хрысціяне, ні курды не падтрымліваюць гэты дакумент," - дадаў ён.

Арцыбіскуп таксама ўзгадаў пра масавыя забойствы, якія адбыліся ў заходняй Сірыі на пачатку сакавіка 2025 года. Паводле даных Сірыйскага назіральнага цэнтра па правах чалавека, больш за 1600 мірных жыхароў сталі ахвярамі насілля, у асноўным з ліку алавітаў – супольнасці, звязанай з былым прэзідэнтам Башарам Асадам.

"Свабода асобы – гэта непарушная каштоўнасць," - падкрэсліў арцыбіскуп Мурад, заклікаючы да неадкладнага спынення крывавых распраў і гарантавання правоў чалавека ў Сірыі. Іерарх таксама выступіў супраць захавання міжнародных санкцый, якія паглыбляюць эканамічны крызіс у краіне. "Сірыя заслугоўвае магчымасці для аднаўлення і новага пачатку," - заўважыў ён.

Сацыяльная і эканамічная разруха пасля шматгадовай вайны зрабіла жыццё мільёнаў сірыйцаў амаль невыносным. Касцёл актыўна дапамагае насельніцтву, прапануючы харчаванне і лекі тым, хто мае найбольшую патрэбу. Арцыбіскуп Хомса падкрэсліў важнасць міжнароднай дапамогі для аднаўлення базавых інстытутаў – шпіталяў і школ – а таксама для адукацыі людзей, якія будуць кіраваць грамадствам у будучыні.
 

27 сакавіка 2025, 10:42