Пошук

Легендарнае бенедыктынскае абацтва Мон-Сен-Мішэль, размешчанае на скалістым востраве ля берагоў Нармандыі Легендарнае бенедыктынскае абацтва Мон-Сен-Мішэль, размешчанае на скалістым востраве ля берагоў Нармандыі 

Французы едуць у закрытыя кляштары ў пошуках спакою

У Францыі назіраецца значны рост цікавасці да закрытых рэкалекцый у манастырскіх супольнасцях. У мінулым годзе ў іх узяло ўдзел больш за 75 тысяч чалавек.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Касцёл у Францыі адзначае рэзкі рост попыту на закрытыя рэкалекцыі ў манастырскіх супольнасцях. Гэтая тэндэнцыя адлюстроўвае глыбокую духоўную патрэбу сучаснага грамадства ў пошуках цішыні і сэнсу жыцця.

Сама прысутнасць манаскай супольнасці – ужо евангелізацыя

Брат Мары з цыстэрцыянскага абацтва Лерэн падкрэслівае важнасць манастырскай атмасферы для ўдзельнікаў рэкалекцый. "Людзі часта баяцца цішыні. Але гэты страх хутка мінае, бо наша асяроддзе спрыяльнае, мы даём нашым удзельнікам рэкалекцый спакой, а сам лад жыцця дзейнічае на іх суцішальна", - дзеліцца ён.

Ад 16 да 75 тысяч за два гады: попыт расце

Паводле даных платформы “Ritrit”, колькасць удзельнікаў рэкалекцый значна вырасла: з 16 тысяч у 2022 годзе да 75 тысяч у 2024 годзе. Агюстэн Марбашэ, дырэктар платформы, адзначае, што прапанова ахоплівае 150 кляштараў і застаецца стабільнай з 2023-2024 гадоў.

Людзі шукаюць цішыні, каб адарвацца ад жыцця

Брат Люсьен з абацтва Сіто заўважае: "Людзі адчуваюць сябе ўсё горш, шукаюць цішыні і спакою, каб адарвацца ад жыцця". У кляштары ўдзельнікі бяруць удзел у малітве, гутараць з манахамі і нават працуюць у цыстэрцыянскай сыраварні.

Час на роздум і духоўнае абнаўленне

Рэкалекцыі прыцягваюць людзей з розных прычын. 22-гадовая Тыфэн, якая дала інтэрв'ю тыднёвіку “Famille Chrétienne”, кажа: "Я хацела падвесці вынікі майго студэнцкага жыцця перад уваходам у прафесійны свет". Яна адзначае, што план рэкалекцый арганізаваны вакол малітвы манастырскай супольнасці.

Рост попыту французаў на закрытыя рэкалекцыі сведчыць пра іх імкненне адарвацца ад мітусні свету, знайсці цішыню і паглыбіць сваё духоўнае жыццё. Манаскія супольнасці прапануюць унікальную магчымасць для такога досведу, спалучаючы малітву, цішыню і просты лад жыцця ў асаблівай духоўнай атмасферы.
 

27 сакавіка 2025, 11:24