Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас афіцыйнага візіту ў Будапешт Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас афіцыйнага візіту ў Будапешт  (ANSA)

Галахер у Венгрыі: рэлігійная дыпламатыя – ключ да міру

Мір – гэта не проста адсутнасць вайны, але маральны абавязак і воля Божая, заявіў арцыбіскуп Пол Галахер падчас выступу на канферэнцыі ў Будапешце.

Аляксандр Амяльчэня — Vatican News

Арцыбіскуп Пол Галахер, сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, 28 сакавіка 2025 года выступіў на штогадовай канферэнцыі паслоў у Будапешце. У сваёй прамове ён падкрэсліў важнасць дыпламатыі, заснаванай на рэлігійных каштоўнасцях, для дасягнення сапраўднага і трывалага міру.

„Мір – гэта не толькі палітычная неабходнасць ці адсутнасць вайны, але існаванне справядлівасці, любові і належнага парадку”, - заявіў іерарх. Ён дадаў, што сапраўдны мір патрабуе „навяртання сэрцаў” і прызнання годнасці кожнага чалавека. Каталіцкае разуменне міру, паводле яго слоў, мае глыбокую духоўную аснову: гэта дар Божы, які рэалізуецца праз супрацоўніцтва чалавека з боскай ласкай.

Мір выходзіць за межы палітыкі

Галахер адзначыў, што палітычныя пагадненні могуць спыніць вайну, але без маральнага падмурка яны часта не здольныя вылечыць падзелы. „Мір патрабуе больш, чым палітыка; ён патрабуе справядлівасці і любові”, - падкрэсліў ён.

Іерарх таксама звярнуў увагу на важнасць міжрэлігійнага дыялогу як інструмента для вырашэння канфліктаў з гістарычнымі і маральнымі каранямі. „Гэтыя каштоўнасці – праўда, справядлівасць, любоў і свабода – універсальныя і гучаць у кожнай культуры і традыцыі”, - сказаў ён.

 

Дыялог будуе масты

Як прыклад паспяховага міжрэлігійнага супрацоўніцтва арцыбіскуп прывёў падпісанне ў 2019 годзе „Дакумента аб чалавечым братэрстве” паміж Папам Францішкам і вялікім імамам Аль-Азхара Ахмедам Эль-Таебам. „Дыялог будуе масты там, дзе палітыка бачыць толькі сцены”, - адзначыў Галахер.

Ён таксама нагадаў пра ролю Святога Пасада ў медыяцыі паміж ЗША і Кубай у 2014 годзе, якая прывяла да гістарычнага пагаднення. „Сіла рэлігійнай дыпламатыі заключаецца не ў палітычным ці ваенным уплыве, а ў здольнасці звяртацца да сэрцаў і розумаў людзей”, – падкрэсліў ватыканскі дыпламат.

Мір павінен будавацца на братэрстве

Арцыбіскуп Галахер заклікаў міжнародную супольнасць прызнаць важнасць удзелу рэлігійных лідараў у дыпламатычных працэсах. „Мір павінен будавацца на братэрстве, а не толькі на палітычных або эканамічных пагадненнях”, - заключыў ён.
 

29 сакавіка 2025, 10:58