Пошук

Кардынал Чарльз Маўнг Бо Кардынал Чарльз Маўнг Бо   (AFP or licensors)

Кардынал з М'янмы: нашаму народу патрэбны мір, а не страх

Пасля разбуральнага землятрусу ў М'янме кардынал Чарльз Маўнг Бо заклікаў усе канфліктуючыя групы да спынення агню і стварэння гуманітарных калідораў для дастаўкі дапамогі пацярпелым.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў М'янмы выступіў з настойлівым зваротам да ўсіх бакоў канфлікту пасля землятрусу, які забраў тысячы жыццяў. У інтэрв'ю “Vatican News” іерарх падкрэсліў неабходнасць неадкладнай гуманітарнай дапамогі.

Больш за ўсё наш народ мае патрэбу ў міры

Землятрус закрануў тэрыторыі, якія знаходзяцца пад кантролем як праціўнікаў хунты, так і ваеннага ўрада. Нягледзячы на катастрофу, грамадзянская вайна працягваецца – ваенная хунта правяла два паветраныя ўдары па цывільным насельніцтве ўсяго праз некалькі гадзін пасля землятрусу.

"Я звярнуўся да ўсіх бакоў канфлікту з заклікам тэрмінова аказаць гуманітарную дапамогу і забяспечыць бесперашкодны доступ да пацярпелых. Таксама я настойліва заклікаў усе ваюючыя бакі спыніць агонь", – падкрэсліў кардынал Бо.

Рэлігійныя групы – найлепшы канал для дастаўкі дапамогі

Іерарх выказаў упэўненасць, што рэлігійныя групы з'яўляюцца найлепшым каналам для дастаўкі дапамогі пацярпелым. Ён паведаміў, што Каталіцкі Касцёл, нягледзячы на складаную сітуацыю, імкнецца "дапамагаць усюды". Сам кардынал адразу пасля землятрусу склікаў тэрміновае пасяджэнне і ініцыяваў стварэнне касцельнага пратакола для каардынацыі дапамогі.

Іерарх выказаў удзячнасць за падтрымку замежных дабрачынных арганізацый і за блізкасць Папы, назваўшы яго выказванне салідарнасці "бальзамам суцяшэння" для народа М'янмы.

У выніку катастрофы маглі загінуць больш за 10 000 чалавек

Паводле дзяржаўнага тэлебачання М'янмы, па стане на 30 сакавіка 2025 года, колькасць загінулых дасягнула каля 1700 чалавек, каля 3400 атрымалі раненні. Аднак эксперты мяркуюць, што ў выніку катастрофы маглі загінуць больш за 10 000 чалавек.

Землятрус магнітудай 7,7 балаў, які адбыўся 28 сакавіка 2025 года, асабліва моцна закрануў горад Мандалай. Значныя разбурэнні адзначаюцца таксама ў сталіцы Нейп'іда і рэгіёне Сагаінг. У Мандалаі не хапае персаналу і тэхнікі для пошуку ацалелых, ратавальнікі часам капаюць голымі рукамі ў руінах.

Міжнародная супольнасць аб'ядноўваецца для дапамогі пацярпелым

Маштаб катастрофы падкрэслівае і просьба кіраўніка хунты генерала Мін Аўнг Хлаінга аб міжнароднай падтрымцы. Расія, Кітай, Індыя, ЗША, краіны Паўднёва-Усходняй Азіі і ЕС ужо пацвердзілі свой удзел у ратавальнай аперацыі. ЕС выдзеліў 2,5 мільёна еўра на неадкладную дапамогу і актываваў спадарожнікавую службу “Copernicus” для ацэнкі наступстваў.
 

30 сакавіка 2025, 13:47