Пошук

На Шляху Святога Якуба. Ілюстрацыйнае фота На Шляху Святога Якуба. Ілюстрацыйнае фота 

Шлях Святога Якуба выйшаў за межы Еўропы

Шлях Святога Якуба выйшаў за межы Еўропы. 20 сакавіка 2025 года ў іспанскім анклаве Мелілья на ўзбярэжжы Марока была ўрачыста адкрыта “Вія Русадзір” (Vía Rusadir) – першая афрыканская частка маршруту.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падчас цырымоніі інаўгурацыі быў адкрыты каменны знак, дастаўлены з Галісіі і ўсталяваны каля Брамы Святога Якуба ў гістарычным раёне Мелілья-ла-Вьеха. На ім змешчаны традыцыйныя сімвалы Каміна-дэ-Сант’яга: ракавінка і жоўтая стрэлка, а таксама шыльда з указаннем дакладнай адлегласці да Сант’яга-дэ-Кампастэлы – 972,09 кіламетра.

З 21 сакавіка пілігрымы, якія пачынаюць свой шлях па “Вія Русадзір”, могуць атрымаць афіцыйны штамп у свае пілігрымскія пасведчанні. Яго ставяць у маяку Мелілья-ла-Вьеха.

Шлях Святога Якуба – гэта сетка пілігрымскіх маршрутаў, якія вядуць у іспанскі горад Сант’яга-дэ-Кампастэла, дзе, паводле падання, знаходзяцца рэліквіі святога Якуба. Найбольш вядомыя маршруты – Каміна Франсэз (з Францыі праз Пірэнеі), Каміна-дэль-Нортэ (па паўночным узбярэжжы Іспаніі), Каміна Прымітыва (які лічыцца найстарэйшым маршрутам) і Вія-дэ-ла-Плата (з паўднёвай Іспаніі).

“Вія Русадзір” стала першым афіцыйным маршрутам Каміна-дэ-Сант’яга за межамі Еўропы. Ён звязвае Мелілью з традыцыйнымі іспанскімі шляхамі і падкрэслівае гістарычныя і культурныя сувязі паміж Афрыкай і Іспаніяй. Пілігрымы, якія ідуць гэтым маршрутам, перасякаюць Міжземнае мора і дасягаюць Андалусіі, дзе могуць далучыцца да класічнага шляху. Назва маршруту паходзіць ад старажытнай назвы Мелільі, дадзенай гораду фінікійцамі ў VIII стагоддзі да Нараджэння Хрыстова.
 

27 сакавіка 2025, 12:00