Пошук

Францішак з біскупамі Аўстраліі падчас іх візіту "ad Limina Apostolorum" у Ватыкане. 24 чэрвеня 2019 года. Францішак з біскупамі Аўстраліі падчас іх візіту "ad Limina Apostolorum" у Ватыкане. 24 чэрвеня 2019 года. 

Выбары ў Аўстраліі: біскупы нагадваюць пра ролю сумлення

Напярэдадні федэральных выбараў у Аўстраліі, якія адбудуцца 3 мая, каталіцкія біскупы краіны заклікалі вернікаў кіравацца сумленнем пры прыняцці выбарчых рашэнняў і абараняць святасць жыцця.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аўстралійскі епіскапат выступіў з камунікатам, у якім заклікаў католікаў да адказнага ўдзелу ў дэмакратычным працэсе. Паводле іерархаў, выбары 3 мая 2025 года – гэта не толькі грамадзянскі абавязак, але і магчымасць садзейнічаць агульнаму дабру.

Сумленне як унутраны арыенцір

"Юбілей нагадвае нам, што галасаванне – гэта магчымасць спрыяць агульнаму дабру і пракладаць шлях надзеі", - адзначаецца ў заяве.

Арцыбіскуп Цімаці Кастэлоэ, старшыня епіскапату Аўстраліі, заклікаў "галасаваць у адпаведнасці з указаннямі сумлення і падтрымліваць палітыку, якая паляпшае жыццё ўсіх, асабліва найбольш безабаронных".

"Сумленне з'яўляецца нашым унутраным арыенцірам, і мы абавязаны верна ісці за ім", - падкрэсліваюць біскупы, адзначаючы важнасць фарміравання сумлення праз розум, Святое Пісанне і навучанне Касцёла.

Абарона фундаментальных каштоўнасцей

"Пры прыняцці выбарчых рашэнняў мы павінны абараняць святасць жыцця, клапаціцца пра безабаронных, умацоўваць сем'і і садзейнічаць стварэнню справядлівага грамадства", - падкрэсліваецца ў звароце біскупаў.

Іерархі нагадваюць вернікам аб іх адказнасці як грамадзян і хрысціян у фарміраванні будучыні сваёй краіны праз удзел у дэмакратычным працэсе, заснаваным на маральных і этычных прынцыпах каталіцкай веры.
 

05 красавіка 2025, 13:04