Пошук

Традыцыйная калядная акцыя "Sternsinger" (Зорныя спевакі) у Германіі Традыцыйная калядная акцыя "Sternsinger" (Зорныя спевакі) у Германіі 

Эканамічныя інтарэсы супраць хрысціянскіх традыцый у Германіі

Каталіцкія біскупы Германіі выступілі супраць прапановы скасаваць адно з хрысціянскіх свят з эканамічных меркаванняў, падкрэсліваючы, што яны з'яўляюцца неад'емнай часткай культуры і рэлігійнага жыцця краіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Канферэнцыя Біскупаў Германіі рашуча выступіла супраць ініцыятывы прадстаўнікоў бізнесу скасаваць адно з хрысціянскіх свят для паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў краіне. "Хрысціянскія святы фарміруюць культуру і традыцыі нашай краіны і даюць магчымасць супольнага рэлігійнага жыцця", - заявіў прэс-сакратар епіскапату Маціяс Коп 31 сакавіка 2025 года ў інтэрв'ю "KNA".

"Мы не лічым, што вынікам дзяржаўнай запазычанасці павінна стаць скасаванне хрысціянскага свята", - падкрэсліў ён, дадаўшы, што сумняваецца ў эфектыўнасці такой меры для стабілізацыі дзяржаўных фінансаў, у той час як "рэлігійная і культурная страта будзе незваротнай".

Старшыня Цэнтральнага саюза нямецкага рамесніцтва Ёрг Дзітрых, які выступіў за скасаванне свята, сцвярджае, што гэта "прынясе некалькі мільярдаў і паслужыць сігналам: мы разам прымаем выклікі". Яго пазіцыю падтрымала старшыня Савета экспертаў па ацэнцы агульнаэканамічнага развіцця Моніка Шніцэр.

Аднак не толькі Касцёл выступіў супраць гэтай ініцыятывы. Нямецкае аб'яднанне прафсаюзаў таксама выказала сваё непрыняцце. "Скасаванне свята – гэта не што іншае, як скарачэнне заработнай платы праз чорны ход", - заявіла старшыня DGB Ясмін Фахімі.

Дыскусія яскрава адлюстроўвае канфлікт паміж эканамічнымі інтарэсамі і культурна-рэлігійнымі каштоўнасцямі ў сучаснай Германіі. Каталіцкі Касцёл працягвае адстойваць важнасць захавання хрысціянскіх свят не толькі як рэлігійных падзей, але і як неад'емнай часткі нацыянальнай ідэнтычнасці.
 

01 красавіка 2025, 11:03