Біскупы Паўднёвай Карэі заклікалі палітыкаў вярнуць давер народа
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Каталіцкія біскупы Паўднёвай Карэі выступілі з заклікам да палітыкаў "з усёй сілай імкнуцца вярнуць давер народа і ўсталяваць гармонію" пасля таго, як Канстытуцыйны суд зацвердзіў адхіленне дзеючага прэзідэнта.
Палітыкі павінны памятаць, што яны існуюць, каб служыць народу
"Мы заклікаем палітыкаў не забываць, што яны існуюць, каб служыць народу, і спрыяць палітыцы ўзаемнай павагі", - адзначыў старшыня Канферэнцыі Біскупаў Маціяс Ры Ёнг-Хун.
Канстытуцыйны суд пацвердзіў адхіленне Юн Сук Ёля, які ўвёў ваеннае становішча падчас унутрыпалітычнага крызісу, што было расцэнена як парушэнне. Цяпер новыя выбары павінны адбыцца на працягу 60 дзён.
Час юстыцыі скончыўся, пачынаецца час палітыкі
"Час юстыцыі скончыўся з прысудам аб адхіленні ад пасады прэзідэнта Юн Сук Ёля. Цяпер пачынаецца час палітыкі", - заявілі іерархі, звяртаючы ўвагу на будучыя выбары. Паводле іх меркавання, працэс павінен "адбывацца дэмакратычным і адказным чынам" і быць накіраваным на грамадскае прымірэнне і агульную карысць.
Каталіцкі Касцёл Паўднёвай Карэі выказаў гатоўнасць суправаджаць краіну ў гэты складаны перыяд і маліцца за справядлівасць і мір. Біскупы падкрэсліваюць важнасць канструктыўнага дыялогу і ўзаемнай павагі ў палітычным працэсе, які чакае краіну ў бліжэйшыя два месяцы.