Caritas: Судану неадкладна патрабуе міжнароднай дапамогі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Калі ў 2023 годзе пачалася вайна, тысячы людзей пакінулі свае дамы, застаўшыся без маёмасці, грошай і працы, - расказаў "Vatican News" Філямон Хемадзі, старэйшы супрацоўнік па надзвычайных сітуацыях "Caritas Sudan". Ён звярнуў увагу на існаванне тысяч бежанцаў, якія да сённяшняга дня не маюць стабільнага доступу да ежы, вады і даху над галавой.
"Caritas Sudan" дапамагае сем’ям унутраных бежанцаў харчовымі наборамі, што ўключаюць рыс, муку, цукар, соль і алей, а таксама адкрыла дабрачынныя кухні, дзе гатуюць ежу для людзей у патрэбе.
Паводле ацэнак міжнародных арганізацый, каля 770 тысяч дзяцей у Судане пакутуюць ад вострага недаядання, якое ставіць пад пагрозу іх жыццё. Набліжэнне перыяду дажджоў яшчэ больш пагоршыць і без таго трагічную сітуацыю. ААН папярэджвае пра масавы голад, а ФАО падлічыла, што для аказання дапамогі фермерам па закупцы зерня да пачатку пасяўной кампаніі ў чэрвені неабходна больш за 82 мільёны долараў.
“Настаў час, каб міжнародная супольнасць дапамагла Судану”, - падкрэсліў Хемадзі, адзначыўшы, што, нягледзячы на дапамогу няўрадавых арганізацый, патрэбы ў Судане застаюцца велізарнымі. “Мы спадзяёмся, што наш заклік будзе пачуты і сітуацыя зменіцца”, - сказаў прадстаўнік каталіцкай дабрачыннай арганізацыі.