Генасамблея ААН правяла пасяджэнне ў памяць Папы Францішка
Марыя Валодзіна - Vatican News
Арцыбіскуп Габрыэле Кача шчыра падзякаваў Генеральнаму сакратару ААН Антоніу Гутэрышу за ўдзел ў пахаванні Папы Францішка. Асобную падзяку ён выказаў за тое, што на ўсіх прадстаўніцтвах ААН былі спушчаныя сцягі ў знак жалобы па памерлым Пантыфіку. Ватыканскі дыпламат таксама падзякаваў усім прысутным на пасяджэнні за тое, што, нягледзячы на напружаны графік, прыйшлі, каб аддаць даніну павагі Святому Айцу і паразважаць над яго спадчынай.
У сваёй прамове прадстаўнік Святога Пасада нагадаў аб тым, што Папа Францішак прызнаваў фундаментальную важнасць шматбаковай сістэмы, у цэнтры якой знаходзіцца ААН, як “закладу бяспечнай і шчаслівай будучыні” для наступных пакаленняў. Хоць ён і падкрэсліваў неабходнасць рэформы, аднак даў ясна зразумець, што ААН па-ранейшаму “застаецца неабходнай".
Арцыбіскуп Кача ўзгадаў тры асаблівыя моманты, звязаныя з Папам Францішкам. Па-першае, яго зварот да Генеральнай Асамблеі ААН 25 верасня 2015 года. Назваўшы Парадак дня да 2030 года “важным знакам надзеі”, Папа заклікаў сусветных лідараў “забяспечыць усім людзям мінімум духоўных і матэрыяльных сродкаў, неабходных для жыцця з годнасцю”.
Па-другое, з нагоды 75-годдзя ААН, якое адзначалася ў 2020 годзе, Францішак прыняў у Ватыкане Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша. Падчас сустрэчы яны запісалі беспрэцэдэнтны сумесны зварот, у якім папярэджвалі свет аб тым, што “мы не павінны адварочвацца ў іншы бок перад абліччам несправядлівасці, няроўнасці, скандалу голаду ў свеце, беднасці, смерці дзяцей ад недахопу вады, ежы і медыцынскай дапамогі”. Яны нагадалі пра трагічны лёс шматлікіх перамешчаных асоб і мігрантаў, а таксама выступілі супраць гонкі ўзбраення і заклікалі да пабудовы міру.
Па-трэцяе, малітва “Statio Orbis” на пустой Плошчы святога Пятра падчас пандэміі каронавіруса дазволіла свету зразумець, што мы непазбежна звязаныя і залежныя адно ад аднаго. “Вірус закрануў багатыя і бедныя краіны, краіны на шляху развіцця і развітыя дзяржавы. Мы ўсе адчулі сваю бездапаможнасць і ўзаемазалежнасць. Мы зразумелі, што глабальныя выклікі патрабуюць глабальных адказаў”, - нагадаў прадстаўнік Святога Пасада.
Але з самага пачатку пантыфікату Францішак папярэджваў пра існаванне яшчэ адной, маральнай, “пандэміі” – "глабалізацыі абыякавасці". Як гэта ні парадаксальна, у той самы момант, калі хтосьці мае патрэбу ў нашай дапамозе, мы аддаляемся ад яго. Папа прадэманстраваў іншы шлях, які ён разам з Вялікім Імамам Аль-Азхара сфармуляваў у 2019 годзе ў дакуменце аб агульначалавечым братэрстве. Затым ён развіў гэтыя ідэі ў энцыкліцы “Fratelli Tutti”, - зазначыў дыпламат.
Папа заклікаў верыць у найлепшае ў чалавечай прыродзе, працягваць любіць, вяртаць годнасць тым, хто пакутуе, і будаваць годнае грамадства. Менавіта таму ён выбраў дэвіз “Пілігрымы надзеі” для Святога 2025 года, які супадае з 80-годдзем ААН. Лепшы спосаб ушанаваць памяць Папы Францішка сёння – гэта пераняць факел надзеі і аднавіць той дух, які 80 гадоў таму стаў падмуркам ААН, каб разам перадаць нашчадкам лепшы свет, - адзначыў арцыбіскуп Кача.