Мальтыйскі ордэн: гуманітарная дапамога ў эпоху глабальных змен
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З 3 па 6 красавіка 2025 года ў Вене праходзіла 31-я штогадовая міжнародная канферэнцыя дабрачынных арганізацый Мальтыйскага ордэна пад назвай "International Hospitallers' Conference". Мерапрыемства, арганізаванае аўстрыйскім прыяратам, сабрала больш за 120 кіраўнікоў асацыяцый і гуманітарных арганізацый Ордэна з усяго свету.
Наш свет знаходзіцца ў цэнтры працяглых крызісаў і стаіць перад распадам сусветнага парадку
Вялікі магістр Джон Данлап, кіраўнік Суверэннага Мальтыйскага ордэна, звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі праз відэасувязь з Рыма, падкрэсліваючы драматычны кантэкст сустрэчы: "Наш свет знаходзіцца ў цэнтры працяглых крызісаў і, магчыма, стаіць перад распадам таго сусветнага парадку, які мы ведалі да гэтага часу. Мальтыйскі ордэн на працягу стагоддзяў з'яўляецца сінонімам гуманітарнай дапамогі. Нашай місіяй застаецца падтрымка хворых і патрабуючых са спачуваннем, справядлівасцю і клопатам".
Праграма канферэнцыі ахапіла шырокі спектр тэм, уключаючы міжнародную ацэнку сітуацыі, дапамогу ва Украіне, Палесціне і Газе, Ліване, барацьбу з гандлем людзьмі, а таксама досвед у кіраванні катастрофамі, такімі як лясныя пажары ў Каліфорніі і паводкі ў Польшчы і Іспаніі.
Ва ўсім свеце 55 мільёнаў чалавек пакутуюць ад дэменцыі – лічба, якая працягвае расці
Асаблівую ўвагу на канферэнцыі надалі праблеме дэменцыі як глабальнаму выкліку. Каралева Швецыі Сільвія, заснавальніца некалькіх ініцыятыў па барацьбе з дэменцыяй, адзначыла: "Ва ўсім свеце 55 мільёнаў чалавек пакутуюць ад дэменцыі – лічба, якая працягвае расці. Пацыенты ўсё больш залежаць ад падтрымкі сваякоў і медыцынскага персаналу. Гэта робіць дагляд за людзьмі з дэменцыяй усё больш важнай глабальнай задачай, асабліва ў старэючых грамадствах".
Канферэнцыя таксама закранула тэму вайны як інструмента палітыкі. Альбін Рэнтэнбергер, маёр аўстрыйскай генеральнай службы, падкрэсліў, што расійская агрэсія супраць Украіны паказвае стратэгічнае вяртанне да выкарыстання вайны як "інструмента" палітыкі.
7,5 мільёнаў дзяцей пацярпелі ад псіхалагічных траўм
Павел Цітко, кіраўнік Мальтыйскага ордэна ва Украіне, адзначыў, што каля 7,5 мільёнаў дзяцей пацярпелі ад псіхалагічных траўмаў, што будзе мець доўгатэрміновыя наступствы. Паводле яго слоў, псіхалагічная падтрымка для траўмаваных вайной людзей складае асноўную частку дапамогі, якую аказвае Ордэн ва Украіне.
Мальтыйскі ордэн, заснаваны ў другой палове XI стагоддзя ў Іерусаліме, сёння прысутнічае ў больш чым 120 краінах. Ён мае 13 500 чальцоў і 95 000 добраахвотнікаў, якіх падтрымліваюць 52 000 медыцынскіх работнікаў. Ордэн кіруе шпіталямі, медыцынскімі цэнтрамі і рознымі ўстановамі па догляду, а таксама мае дыпламатычныя адносіны са 114 дзяржавамі і статус назіральніка ў ААН.
Ніколі не было так складана і адначасова так важна аказваць гуманітарную дапамогу
Сярод выступоўцаў былі прадстаўнікі ААН, Еўрасаюза, Святога Пасада і дыпламатычнага корпуса. Яны падкрэслілі, што ніколі не было так складана і адначасова так важна аказваць гуманітарную дапамогу, як сёння. Гэта асабліва актуальна ў святле апошніх прыродных катастроф, такіх як нядаўні землятрус у М'янме, дзе каманда Мальтыйскага ордэна праводзіць ацэнку наступстваў стыхіі для лагераў бежанцаў у Тайландзе з мэтай мэтанакіраванай гуманітарнай дапамогі.
Канферэнцыя падкрэсліла неабходнасць адаптацыі да новых выклікаў і падрыхтоўкі да будучых крызісаў, захоўваючы пры гэтым асноўную місію Ордэна – дапамогу хворым і патрабуючым.