Пошук

Ратаўнікі на месцы трагедыі ў Санта-Дамінга Ратаўнікі на месцы трагедыі ў Санта-Дамінга  (AFP or licensors)

Трагедыя ў Дамінікане: Папа моліцца за загінулых і параненых

Папа запэўніў у малітве за ахвяр трагедыі ў сталіцы Дамініканскай Рэспублікі Санта-Дамінга, дзе ў выніку абвала даху начнога клуба загінулі каля 180 чалавек, больш за 150 былі паранены.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец быў глыбока засмучаны, даведаўшыся пра трагічнае здарэнне. Ён узносіць малітву аб вечным супакоі для ахвяр, выказвае шчырыя спачуванні сем’ям загінулых і пажаданні хуткага выздараўлення параненым, - гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна, скіраванай на імя арцыбіскупа Санта-Дамінга Франсіска Азорыя Акосты.

“Падтрымліваючы настойлівыя намаганні па аказанні дапамогі і суправаджэнні, Святы Айцец праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Суцяшальніцы засмучаных, удзяляе ўсім апостальскае благаслаўленне суцяшэння як знак надзеі ўваскрослага Пана”, - адзначаецца ў пасланні.

Дах начнога клуба “Jet Set” у Санта-Дамінга абваліўся ноччу 8 красавіка падчас канцэрта папулярнага спевака Рубі Перэса. 69-гадовы выканаўца таксама загінуў пад заваламі. На месцы трагедыі працягваюць працаваць супрацоўнікі ратавальных службаў. Паводле некаторых звестак, на канцэрце магло знаходзіцца ад 500 да 1000 чалавек.
 

10 красавіка 2025, 09:29