Пошук

Прэм’ер-міністр Японіі Сігэру Ісіба Прэм’ер-міністр Японіі Сігэру Ісіба 

Прэм’ер Японіі: адыход Францішка – страта для ўсіх

“Смерць Папы Францішка – гэта вялікая страта не толькі для Ватыкана і католікаў, але і для ўсёй міжнароднай супольнасці”, – напісалі ў спачувальным лісце прэм’ер-міністр Японіі Сігэру Ісіба і міністр замежных спраў Такесі Івая.

Ян Глінскі

У дзень смерці Пантыфіка, 21 красавіка 2025 года, Сігэру Ісіба напісаў: “Я вельмі засмучаны весткай аб смерці Папы”. На наступны дзень перад яго офісам і іншымі ўрадавымі будынкамі ў знак жалобы па спачылым Папе быў прыспушчаны дзяржаўны сцяг Японіі.

Аўтары дэпешы высока ацанілі намаганні Папы ў справе нясення паслання міру, у тым ліку праз наведванне Хірасімы і Нагасакі, дзе ён сустрэўся з людзьмі, якія перажылі наступствы атамнай бомбы. Затым Францішак заклікаў свет адмовіцца ад ядзернай зброі і быў першым Папам, які наведаў Японію за 38 гадоў.

Каталіцкая супольнасць Японіі таксама смуткуе ў жалобе і моліцца за свайго “вялікага пастыра, поўнага любові і спачування”. Кардынал Тарчызіа Ісаа Кікучы, арцыбіскуп Токіа і старшыня Caritas Internationalis, у лісце да вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Японіі заклікаў маліцца за спачылага Пантыфіка. Для Касцёла ў Японіі, як напісаў іерарх, служэнне Папы Францішка было “жывым і адчувальным вопытам прысутнасці нашага пастыра”. “Мы былі духоўна “запаленыя”, калі непасрэдна пачулі яго голас”, – напісаў кардынал, узгадваючы візіт Папы ў Японію ў 2019 годзе.

На канклаве Каталіцкі Касцёл у Японіі будуць прадстаўляць два кардыналы. Разам з кардыналам Тарчызіа Ісаа Кікучы ў выбарах новага Папы будзе ўдзельнічаць арцыбіскуп дыяцэзіі Осака кардынал Томас Аквін Манё Маэда.

25 красавіка 2025, 07:23