Шэдэўры Рэмбрандта і Бурнанда ў Рыме да Святога года
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У касцёле Сан-Марчэла ў Рыме наведвальнікі змогуць убачыць два шэдэўры сусветнага жывапісу: "Вячэру ў Эмаўсе" галандскага мастака Рэмбрандта ван Рэйна (1606-1669), напісаную ў 1629 годзе, і палатно "Вучні Пётр і Ян бягуць да магілы Хрыста ў раніцу Уваскрэсення" швейцарскага мастака Эжэна Бурнанда (1850-1921).
Карціна Бурнанда, створаная ў 1898 годзе, першапачаткова была прадстаўлена ў парыжскім выставачным салоне, а пазней набыта французскай дзяржавай для Люксембургскага музея. Сонечнае святло, якое асвятляе сцэну, сімвалізуе надзею і адраджэнне, надаючы палатну выключную духоўную інтэнсіўнасць.
Шэдэўр Рэмбрандта апавядае гісторыю моманту аб'яўлення ўваскрослага Хрыста ў Эмаўсе, увасоблены ў магутнай гульні святла і ценю. Паводле біблейскага аповеду, два вучні Езуса ішлі ў Эмаўс, засмучаныя смерцю свайго Настаўніка. Уваскрэслы Езус далучыўся да іх, але яны яго не пазналі. Толькі пры ламанні хлеба яны ўсвядомілі, хто быў іх спадарожнікам.
Гэтае рэдка экспанаванае ў Італіі палатно Рэмбрандта асабліва добра ўпісваецца ў кантэкст Святога года, дэвіз якога гучыць "Пілігрымы надзеі". Арганізатары выставы сцвярджаюць, што гэтыя два шэдэўры заахвочваюць гледачоў разважаць пра веру, надзею і здольнасць мастацтва перадаваць глыбокія духоўныя пасланні.
Выстава, куратарам якой з'яўляецца Алесіа Джэрэці, з'яўляецца часткай культурнай праграмы, прапанаванай Каталіцкім Касцёлам у Рыме ў Юбілейным 2025 годзе. Абедзве працы можна будзе ўбачыць штодзённа з 8.00 да 20.00 у касцёле Сан-Марчэла (Piazza San Marcello, 5). Уваход вольны.