Сусветны дзень малітвы за мір у Судане: ініцыятыва “Pax Christi”
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Міжнародны рух “Pax Christi” абвясціў 11 красавіка 2025 года Сусветным днём малітвы за мір у Судане, дзе з красавіка 2023 года вядзецца жорсткая грамадзянская вайна.
"Судан сёння – гэта сімвал чалавечых пакут, якія застаюцца нябачнымі для большасці міжнароднай супольнасці", - адзначаюць прадстаўнікі каталіцкай арганізацыі.
Адзін з найцяжэйшых гуманітарных крызісаў у свеце
Канфлікт прывёў да катастрафічных наступстваў: масавыя перасяленні, экaнамічны крах, голад і разбурэнне сістэмы аховы здароўя. Па даных ААН і Афрыканскага саюза, сітуацыя ў Судане ацэньваецца як адзін з найцяжэйшых гуманітарных крызісаў у свеце. Вайна характарызуецца сістэматычнымі нападамі на цывільнае насельніцтва, этнічнымі чысткамі ў рэгіёне Дарфура і блакаваннем гуманітарнай дапамогі.
"Мы павінны аб'яднацца ў малітве за народ Судана, каб наш голас быў пачуты і каб міжнародная супольнасць звярнула ўвагу на гэтую трагедыю", - заклікае рух “Pax Christi”.
Святло ў цемры
Ініцыятыва натхнёная постаццю святой Жазэфіны Бахіты, якая паходзіла з Судана і пасля перажывання рабства стала сімвалам супраціўлення і надзеі.
"Святая Жазэфіна Бахіта паказвае нам, што нават у самых цёмных момантах можна знайсці святло надзеі і сілу для змянення будучыні", - падкрэсліваецца ў матэрыялах кампаніі.
Салідарнасць без межаў
Для падтрымкі супольнасцей і рэлігійных лідараў Рух падрыхтаваў спецыяльныя матэрыялы на англійскай і арабскай мовах з практычнымі ўказаннямі па правядзенні набажэнстваў. Сімвалам акцыі абраная галубка, якая ўвасабляе мір, надзею і адзінства.
Удзел у гэтай глабальнай ініцыятыве дае магчымасць супольнасцям з усяго свету аб'яднацца ў салідарнасці з народам Судана, які пакутуе ад вайны, і зрабіць свой унёсак у справу міру і справядлівасці.