Пошук

Біскупскае пасвячэнне айца Гвіда Марыні, 17 кастрычніка 2021 года Біскупскае пасвячэнне айца Гвіда Марыні, 17 кастрычніка 2021 года  (AFP or licensors)

Біскуп Марыні: Папа штодня жыў паводле Евангелля

Асабістымі ўспамінамі пра веру, чалавечнасць і душэўную глыбіню Францішка падзяліўся біскуп Гвіда Марыні, які цягам васьмі гадоў служыў Майстрам папскіх літургічных цэлебрацый.

Марыя Валодзіна - Vatican News

"З Паннай Марыяй не робяць разлікаў", - гэтыя словы Папы Францішка прыгадаў біскуп Гвіда Марыні падчас памінальнай Імшы, якая 23 красавіка 2025 года прайшла ў катэдральным саборы Тартоны (Італія). Біскуп Марыні на працягу васьмі гадоў служыў Майстрам папскіх літургічных цырымоній і быў сведкам веры і чалавечнасці Пантыфіка.

У гаміліі біскуп нагадаў пра глыбокую адданасць Францішка Маці Божай і яго жаданне быць пахаваным у Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ, каля капліцы Salus Populi Romani.

Ён распавёў пра выпадак, які адбыўся на пачатку пантыфікату, калі на Плошчу Святога Пятра прынеслі статую Маці Божай Фацімскай. Папа пажадаў укласці ёй у рукі ружанец, у якасці актa ўшанавання Панны Марыі. Біскуп Марыні змог знайсці толькі залаты ружанец, але ведаючы, што Папа аддае перавагу простым і сціплым рэчам, баяўся, што Францішак яго не прыме як занадта раскошны. Аднак Папа ўхваліў выбар, сказаўшы: "З Мадоннай не робяць разлікаў, залаты ружанец – выдатна." Потым, калі статую Панны Марыі неслі на плячах з плошчы да алтара і яна набліжалася да Францішка, той звярнуўся да айца Марыні са словамі: “Ідзі, ідзі, ідзі, бо трэба ісці насустрач Маці Божай, а не прымушаць яе чакаць”.

Міласэрнасць

Біскуп Марыні прыгадаў яшчэ адзін нечаканы жэст Францішка, які крануў яго. Падчас пакаяннай літургіі ў Ватыкане, калі Папа разам з іншымі святарамі збіраўся спавядаць вернікаў, ён раптам змяніў маршрут, падышоў да іншага спаведніка, стаў на калені і паспавядаўся. Пасля Імшы ён сказаў свайму супрацоўніку: “Прабач, што не паслухаўся цябе, але мне было важна, каб гэты ўчынак дапамог людзям зразумець прыгажосць споведзі, прыгажосць Божай міласэрнасці”.

Радасць Евангелля

Па словах біскупа Марыні, Папы любіў усміхацца людзям і часам рабіць нечаканыя жэсты, каб перадаць ім радасць Пана, радасць Езуса, евангельскую радасць. Гэтая думка прасякнула яго першую апостальскую адгартацыю "Evangelii Gaudium".
На Сусветных днях моладзі ў Лісабоне Францішак тройчы паўтарыў слова “Todos” ("усе"), падкрэсліваючы, што Касцёл павінен быць адкрытым для ўсіх, слухаць усіх, размаўляць з усімі, каб усе змаглі сустрэцца з прыгажосцю Евангелля, якое збаўляе, і з Хрыстом, які з’яўляецца Збаўцам, - нагадаў іерарх.

Сінадальнасць

Папа неаднаразова падкрэсліваў, што ён распачаў сінадальны працэс не дзеля фармальных перамен і стварэння новых дакументаў, а дзеля сапраўднага духоўнага абнаўлення, глыбейшай еднасці, адказнасці і ўдзелу кожнага ў жыцці Касцёла.

Клопат пра самых уразлівых

Біскуп Марыні ўзгадаў, што Францішак сапраўды перажываў і адчуваў беднасць, як асабісты боль. Аднойчы ён бачыў, як Папа плакаў у сакрыстыі пасля сустрэчы з беднымі. Ён адчуваў беднасць і пакуты іншых як свае ўласныя.

Падчас аднаго з наведванняў турмы для непаўнагадовых ён падзяліўся з біскупам Марыні, што кожны раз у такіх месцах у яго ўзнікае пытанне: “Чаму яны, а не я? Мог бы быць я”. І дадаў: “Падумай пра гэта”.

Пастыр усяго свету

Біскуп Марыні падкрэсліў, што Францішак быў нястомным прапаведнікам міру, які не стамляўся прасіць аб дары міру для нашай беднай чалавечай супольнасці падчас вайны.

Папа горача любіў увесь свет, усё чалавецтва, і цікавіўся ўсім, усімі аспектамі жыцця людзей, бо ўсё, што тычылася чалавека, было для яго важным. Ён лічыў сябе пастырам усяго свету. “Успомніце яго тэлефонныя званкі звычайным людзям або лісты з аўтографамі, якія ён разаслаў па ўсім свеце”, - сказаў іерарх, нагадаўшы таксама пра адзінокую малітву Папы за ўвесь свет на Плошчы Святога Пятра 27 сакавіка 2020 года.

Адвага і свабода Францішка

Біскуп Марыні адзначыў, што Папа Францішак хацеў унесці свой унёсак у рэформу Касцёла, падкрэсліваючы, што ў кожную гістарычную эпоху Касцёлу патрэбна рэформа яго чалавечага вымярэння, бо з часам назапашваюцца з’явы і механізмы, якія ўжо не працуюць так, як павінны.

Францішак быў гатовы рэфармаваць Касцёл з адвагай і свабодай, што не ўсе сустракалі з адабрэннем, яго рэформы часта выклікалі супраціў. Біскуп Марыні ўзгадаў, што Францішак параўнаў свята на Плошчы Святога Пятра ў дзень свайго абрання з урачыстым уездам Езуса ў Ерузалем. Ён усведамляў, што потым прыйдуць дні Мукі і Крыжа. “Так і адбылося, таму што так бывае з усімі Папамі”, - падагульніў іерарх.

30 красавіка 2025, 15:56