Пошук

Кардынал Маўра Гамбэці на чацвёртай Імшы “навендыялаў” за Папу Францішка Кардынал Маўра Гамбэці на чацвёртай Імшы “навендыялаў” за Папу Францішка   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Кардынал Гамбэці: гуманнасць Францішка кранала нават камяні

На чацвёртай Імшы “навендыялаў” за Папу Францішка 29 красавіка 2025 года кардынал Маўра Гамбэці заклікаў да адкрытасці, суперажывання і сапраўднай хрысціянскай чалавечнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Чацвёртая Імша ў перыяд “навендыялаў” – дзевяці дзён жалобы – у малітоўным успаміне Папы Францішка, якая адбылася ўвечары 29 красавіка 2025 года ў Базіліцы Святога Пятра, сабрала разам прадстаўнікоў усіх папскіх базілік і стварыла атмасферу ўдзячнасці і разважанняў аб місіі Касцёла ў сучасным свеце.

Кардынал Маўра Гамбэці, архіпрэсбітэр базілікі, звярнуўся да вернікаў з глыбокай гаміліяй, якая накіроўвала думкі да сутнасці Евангелля і да асобы спачылага Святога Айца.

“Калі ты крануў чалавека – ты крануў Бога, калі шануеш чалавека – шануеш Бога, калі пагарджаеш чалавекам – пагарджаеш Богам”, - гэтыя словы, цытаваныя іерархам са спадчыны Эліа Чытэрыа, сталі асноўнай думкай гаміліі. Ён засяродзіў увагу на прыпавесці з евангельскага чытання, дзе гаворыцца пра дзве групы: авечкі і казлы, якія ўвасабляюць вернасць і мяцежнасць, салідарнасць і эгаізм.

На чацвёртай Імшы “навендыялаў” за Папу Францішка
На чацвёртай Імшы “навендыялаў” за Папу Францішка   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Не знешняе вызнанне веры ці веданне тэалогіі вызначае месца ў Божым Валадарстве

Як падкрэсліў кардынал, прыналежнасць да Божага Валадарства вызначаецца не знешняй набожнасцю: “Гэта не проста вызнанне веры, не толькі веданне тэалогіі і ўдзел у сакрамэнтах, а менавіта шчырая, глыбокая і сапраўдная прысутнасць у лёсе найменшых братоў – гэта адкрывае шлях да радасці ў Богу”. Так, унутраная сутнасць хрысціянства раскрываецца праз міласэрнасць і шчырую блізкасць да бліжняга.

У гаміліі Гамбэці прывёў словы Эдыт Брук, змешчаныя ў "L'Osservatore Romano" 23 красавіка 2025 года, як жывы і паэтычны вобраз вялікай хрысціянскай чалавечнасці Папы Францішка. Па словах аўтаркі, "мы страцілі Чалавека (...) што любіў, умеў крануцца і крануць, плакаў, маліўся за мір, умеў смяяцца, цалаваць і абдымаць, хваляваўся і натхняў, распаўсюджваў цяпло, (...) а яго чалавечнасць была настолькі моцнай і сапраўднай, што кранала нават камяні".

На чацвёртай Імшы “навендыялаў” за Папу Францішка
На чацвёртай Імшы “навендыялаў” за Папу Францішка   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Касцёл – дом для ўсіх

Архіпрэсбітэр Базілікі Святога Пятра нагадаў словы Папы Францішка, прамоўленыя падчас сустрэчы з езуітамі ў Лісабоне ў 2023 годзе: “Усе, усе, усе пакліканы жыць у Касцёле: не забывайцеся пра гэта ніколі!”. Гэты заклік да адкрытасці падкрэслівае сапраўднае пакліканне Касцёла быць домам для кожнага чалавека, незалежна ад яго жыццёвага шляху.

У дзень, калі Касцёл адзначаў успамін святой Кацярыны Сіенскай, італьянскі іерарх заклікаў да евангелізацыі праз "адкрытасць да чалавека без аніякіх меж, шчырая, бескарыслівая ўвага да бліжняга – не дзеля празелітызму, а дзеля супольнага перажывання жыццёвага досведу і гатоўнасці прыйсці на дапамогу кожнаму мужчыне і кожнай жанчыне, каб кожны змог паверыць у паўнату жыцця і Божую ласку".

Свае разважанні кардынал Гамбэці завяршыў малітоўным зваротам да Найсвяцейшай Панны Марыі – пакорнай Служаніцы Пана, якая падарыла свету Збаўцу, просячы, каб Яна паказвала нам шлях сапраўднага вучнёўства і евангельскага абвяшчэння.
 

30 красавіка 2025, 09:07