Пошук

Труна з целам Папы Францішка ў ватыканскай базіліцы Труна з целам Папы Францішка ў ватыканскай базіліцы  (AFP or licensors)

Апублікаваны дэталі цырымоніі закрыцця труны Папы Францішка

Святы Пасад абнародаваў тэксты абраду закрыцця труны Папы Францішка, які адбудзецца 25 красавіка 2025 года ў 20.00 пад старшынствам кардынала Кэвіна Джозэфа Фарэла, камерленга Святога Рымскага Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Літургічны тэкст, падрыхтаваны Папскім бюро літургічных цэлебрацый, утрымлівае дэталёвы парадак цырымоніі, якая папярэднічае пахавальнай Імшы.

Надзея на вечнае жыццё

Цырымонія пачнецца са слоў цэлебранта: “Дарагія браты і сёстры, мы сабраліся тут, каб выканаць некаторыя набожныя абрады перад пахавальнай Імшой нашага Папы Францішка”. Падчас цырымоніі будзе зачытаны афіцыйны дакумент, які ўзгадвае жыццё і найважнейшыя справы Пантыфіка.

Адной з ключавых малітваў цырымоніі з'яўляецца зварот да Бога: "Усемагутны, вечны Божа, Пане жыцця і смерці, мы спадзяёмся і верым, што жыццё нашага Папы Францішка цяпер схавана ў табе. Няхай яго твар, для якога згасла святло гэтага свету, будзе асветлены назаўжды сапраўдным святлом, якое мае ў табе невычэрпную крыніцу".

Пераход ад зямнога да нябеснага

Падчас цырымоніі твар Пантыфіка будзе пакрыты белым шаўковым вэлюмам, а цела акроплена асвечанай вадой. У малітве цэлебрант скажа: "Яго твар, які сузіраў твае шляхі, каб паказаць іх Касцёлу, няхай убачыць цяпер твой айцоўскі твар. Яго твар, які знікае з нашага поля зроку, няхай сузірае тваю прыгажосць і даручае сваю паству табе, вечнаму Пастыру".

Літургія ўключае спеў псальмаў, якія выражаюць надзею на сустрэчу з Богам, сярод якіх Псальмы 41 і 26.

Пошук Божага аблічча

У труну Папы будуць пакладзены манеты і медалі, выбітыя падчас яго пантыфікату, а таксама туба з афіцыйным дакументам, запячатаная пячаткай Бюро літургічных цэлебрацый.

Пасля гэтага цынкавая труна будзе запаяна і на ёй будуць пастаўлены пячаткі кардынала-камерленга, Прэфектуры Папскага дома, Бюро літургічных цэлебрацый і Ватыканскага капітула. На вечку труны будзе размешчаны крыж і герб памерлага Пантыфіка, а таксама шыльда з яго імем, датамі жыцця і працягласцю яго Пятровага служэння.

Велікодная радасць

Цырымонія завершыцца марыйнай антыфонай "Regina Caeli", якая спяваецца ў велікодны перыяд: "Уладарка Неба, радуйся!”.

Пахавальная Імша адбудзецца на наступны дзень пасля цырымоніі закрыцця труны. Падчас яе Касцёл афіцыйна развітаецца з Папам Францішкам, які кіраваў Каталіцкім Касцёлам з 2013 года.
 

24 красавіка 2025, 11:13