Пошук

Кардынал Дамінік Мамбэрці з Папам Францішкам Кардынал Дамінік Мамбэрці з Папам Францішкам  (Vatican Media @Vatican Media)

Французскі кардынал Мамбэрці абвесціць імя наступнага Папы

Французскі кардынал стане голасам гістарычнага абвяшчэння – менавіта ён прамовіць славутае “Habemus Papam” і агучыць імя новага Пантыфіка ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Дамінік Франсуа Жазэф Мамбэрці атрымаў гэтую місію пасля таго, як у ліпені 2024 года стаў найстарэйшым па прызначэнні ў групе кардыналаў-дыяканаў.

Кардынал Мамбэрці нарадзіўся 7 сакавіка 1952 года ў Маракешы (Марока) ў сям’і французаў, якія неўзабаве пасля яго нараджэння вярнуліся ў Францыю. Пасля заканчэння навучання ў Рымскай французскай семінарыі ён працягнуў адукацыю ў Рыме, прысвяціўшы сябе вывучэнню публічнага права і палітычных навук, а таксама атрымаў ступені па грамадзянскім і кананічным праве. Святарскае пасвячэнне атрымаў у дыяцэзіі Ажаксьё на Корсіцы ў верасні 1981 года.

Больш за тры дзесяцігоддзі Мамбэрці прысвяціў касцельнай дыпламатыі: працаваў у прадстаўніцтвах у Алжыры, Чылі, Ліване, Судане, Самалі, Эрытрэі і ў структурах ААН у Нью-Ёрку. Яго дыпламатычны досвед асабліва цэняць у сувязі з веданнем праблем рэгіёнаў Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Блізкага Усходу.
 

29 красавіка 2025, 10:12