Пошук

2025.04.11 BANNER GIUBILEO DEI MISSIONARI DIGITALI

Юбілей лічбавых місіянераў: працягваецца рэгістрацыя ўдзельнікаў

Працягваецца рэгістрацыя ўдзельнікаў Юбілею лічбавых місіянераў і каталіцкіх інфлюэнсераў, які адбудзецца 28–29 ліпеня 2025 года ў Рыме. У Ватыкане створаны афіцыйны сайт мерапрыемства.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Гэты Юбілей прызначаны для ўсіх, хто займаецца евангелізацыяй у лічбавай сферы, дзеліцца евангельскай навіной у сацыяльных сетках, блогах, каналах і дадатках. Гэта магчымасць абмяняцца вопытам і ўмацаваць нашу супольную місію”, - гаворыцца на афіцыйным сайце мерапрыемства, які запусціла Дыкастэрыя па камунікацыі. Там жа можна зарэгістравацца для ўдзелу, атрымаць падрабязную інфармацыю і азнаёміцца з праграмай.

Юбілей лічбавых місіянераў і каталіцкіх інфлюэнсераў распачнецца 28 ліпеня ранішняй святой Імшой у ватыканскім саборы. На працягу дня ўдзельнікі сустрэчы змогуць прыняць удзел у трох воркшопах, прысвечаных евангелізацыі ў інтэрнэце, а ўвечары – у малітоўным чуванні і пакутным набажэнстве.

Раніцай наступнага дня, 29 ліпеня, місіянеры “лічбавага кантынента” здзейсняць пілігрымку да Святой Брамы Базілікі Святога Пятра, дзе апоўдні прымуць удзел у Імшы. У другой палове дня адбудзецца лічбавая сустрэча пад назвай “Місіянеры надзеі анлайн”. Дзякуючы відэасувязі, да далучацца вернікі з усяго свету, якія не змогуць асабіста прыехаць на ўрачыстасці ў Рым. Праграма завершыцца “Фестывалем каталіцкіх інфлюэнсераў”, які пачнецца а 19.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе.

“Быць місіянерамі надзеі – значыць прыняць заклік Хрыста несці Добрую Навіну ў кожны куток, асабліва ў лічбавым свеце. Гэта значыць распаўсюджваць святло веры і Евангелля, змяняючы жыцці людзей пасланнямі надзеі і любові”, - падкрэсліваецца на ватыканскім сайце.
 

12 красавіка 2025, 11:41