Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад пацвярджае правядзенне Юбілею падлеткаў з зменамі

Дыкастэрыя па справах евангелізацыі выпусціла афіцыйнае паведамленне для прэсы, у якім пацвярджаецца правядзенне Юбілею падлеткаў, нягледзячы на жалобу ў сувязі са смерцю Папы Францішка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле інфармацыі, апублікаванай 21 красавіка 2025 года, асноўныя мерапрыемствы Юбілею падлеткаў будуць праведзены згодна з зацверджаным раней раскладам. У праграме застаюцца набажэнства "Via Lucis" (Шлях Святла) 25 красавіка, "Дыялогі з горадам" на плошчах Рыма 26 красавіка, паломніцтвы да Святой Брамы і Імша 27 красавіка.

"У адзінстве з усім Божым народам, Каталіцкім Касцёлам і ўсім светам, у смутку мы яднаемся ў малітве з нагоды адыходу Святога Айца Францішка", - гаворыцца ў паведамленні.

Аднак, у сувязі з жалобай, арганізатары прынялі рашэнне адмяніць музычнае свята, запланаванае на 26 красавіка ў 17.00 у рымскім Цырку Максіма. Таксама не адбудзецца кананізацыя бласлаўлёнага Карла Акуціса, якая павінна была стаць адной з цэнтральных падзей Юбілею падлеткаў.

Паведамленне было выпушчана прэс-офісам Юбілею 2025 года пры Дыкастэрыі па евангелізацыі.

Трэба адзначыць, што Юбілей падлеткаў з'яўляецца важнай часткай Святога 2025 году, які быў заяўлены яшчэ Папам Францішкам як адмысловы час духоўнага абнаўлення для маладога пакалення каталікоў.

Нягледзячы на смутныя абставіны, адказныя асобы ў Святым Пасадзе прынялі рашэнне захаваць большасць запланаваных мерапрыемстваў, даючы магчымасць маладым вернікам сабрацца разам для малітвы і разважанняў у гэты цяжкі для Касцёла час.
 

21 красавіка 2025, 16:54