Пошук

Падчас сёмай кангрэгацыі кардыналаў. 30.04.2025 Падчас сёмай кангрэгацыі кардыналаў. 30.04.2025   (@Vatican Media)

Важнае паведамленне Кангрэгацыі кардыналаў перад выбарамі Папы

30 красавіка 2025 года Кангрэгацыя кардыналаў апублікавала заяву, у якой вызначыла статус кардыналаў-выбаршчыкаў і адзначыла рашэнне кардынала Бэчу не ўдзельнічаць у канклаве.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

У сваёй афіцыйнай заяве Кангрэгацыя кардыналаў удакладніла важныя аспекты прававога статусу ўдзельнікаў будучага канклава. Пытанне колькасці кардыналаў-выбаршчыкаў, якія маюць права голасу падчас выбараў новага Пантыфіка, было прадметам абмеркавання на нядаўніх пасяджэннях.

Паводле Канстытуцыі “Universi Dominici Gregis” Яна Паўла II, у выбарах павінны ўдзельнічаць не больш за 120 кардыналаў, але Папа Францішак, карыстаючыся сваім правам, перавысіў гэты ліміт пры прызначэнні новых кардыналаў.

“Кардыналы, чый лік перавышае ўстаноўленую норму, атрымліваюць права ўдзелу ў выбарах Пантыфіка з моманту свайго прызначэння і абвяшчэння”, - гаворыцца ў заяве. Гэта азначае, што ўсе прызначаныя кардыналы, нават калі іх агульная колькасць перавышае 120, маюць права ўдзельнічаць у канклаве, адпаведна нормам сучаснага касцельнага права і тлумачэнням Кангрэгацыі.

Асобна ў заяве адзначана сітуацыя вакол кардынала Джавані Анджэла Бэчу. Ён з клопатам пра еднасць і супакой у Касцёле, а таксама дзеля ўмацавання гармоніі на канклаве, афіцыйна паведаміў пра сваё рашэнне не прымаць удзел у выбарах наступнага Папы. Кангрэгацыя з удзячнасцю адзначыла гэты крок, падкрэсліўшы яго адказнасць перад Касцёлам.

У афіцыйным каментары Кангрэгацыя таксама выказала спадзяванне на тое, што кампетэнтныя судовыя органы дэталёва і справядліва разбяруцца ва ўсіх абставінах справы кардынала Бэчу.

Такім чынам, у кантэксце падрыхтоўкі да будучага канклава Кангрэгацыя кардыналаў засведчыла адданасць празрыстасці і законнасці, што асабліва важна ў такі адказны перыяд для Касцёла.
 

30 красавіка 2025, 11:03