Пошук

Кардынал Курт Кох Кардынал Курт Кох  (Vatican Media)

Кардынал Кох: Папа Францішак ажывіў сінадальнасць

“Ідзіце разам, маліцеся разам, працуйце разам”, – такім дэвізам характарызаваліся сустрэчы спачылага Папы Францішка з іншымі хрысціянскімі Цэрквамі.

Ян Глінскі

На формуле Тройцы як асноўнай экуменічнай лініі, прыдуманай Францішкам, акцэнтаваў увагу Кардынал Кох, шматгадовы старшыня Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

У інтэрв’ю для Vatican News іерарх нагадаў таксама пра “экуменізм мучанікаў”, які, паводле Папы-аргенцінца, з’яднаў хрысціян розных канфесій праз іх супольныя цярпенні за веру.

Як падкрэсліў кардынал Кох, Францішак быў “вельмі спантанным, спагадлівым і ўважлівым Папам”, які рупліва працаваў дзеля адзінства хрысціян. Ён “ажывіў сінадальнасць”, зрабіўшы яе цэнтральным пунктам свайго пантыфікату. Таксама гадавіна Нікейскага Сабора мела вялікае значэнне для Святога Айца. Ватыканскі іерарх выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што святкаванне 1700-годдзя Сабора, запланаванае на май, пройдзе без Францішка. “Маю надзею, да таго часу ў нас будзе новы Папа, і калі б ён мог праявіць ініцыятыву, гэта быў бы вельмі добры знак, бо Нікея яднае ўсіх хрысціян”, – адзначыў кардынал.

Кардынал Кох падзяліўся з Vatican News думкамі адносна супрацоўніцтва з Папам Францішкам: “Я пазнаў яго як чалавека, які дае вялікую свабоду ў працы; на ўсе праекты, якія я меў у дыкастэрыі і якія я яму прадстаўляў, ён звычайна адказваў толькі адным словам: “Avanti!” (Наперад!)”

Як падкрэсліў ватыканскі іерарх, Францішак пакінуў пасля сябе глыбокі духоўны след. Папа-езуіт заўсёды ставіў у цэнтр сваіх думак і дзеянняў ігнацыянскае “распазнаванне”, і заахвочваў Касцёл прыслухоўвацца да дзеяння Святога Духа. Для Францішка сінадальнасць ніколі не была выключна структурным паняццем, для яго яна была выражэннем жывой духоўнай камуніі.

Кардынал Кох, які з 2010 года адказвае за экуменічны дыялог у Ватыкане, прыме ўдзел у канклаве другі раз.

25 красавіка 2025, 07:16