Пошук

Кардынал Тагле: Пан дорыць вечнае жыццё

Кардынал Луіс Антоніа Тагле ўзначаліў ружанцовую малітву аб вечным супакоі для Францішка, якая 24 красавіка 2025 года прайшла перад Базілікай Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Вернікі з Італіі і з розных куткоў свету сабраліся ўвечары 24 красавіка перад рымскай Базілікай Санта-Марыя-Маджорэ на ружанцовую малітву аб супакоі для спачылага Пантыфіка. Малітва прайшла каля копіі цудатворнага марыйнага абраза "Salus Populi Romani”, які асаблівым чынам шанаваў Папа Францішак.

Набажэнства ўзначаліў кардынал Тагле, які нагадаў, што Хрыстус прыйшоў, каб вызваліць нас ад страху смерці і падарыць нам вечнае жыццё. Ён даверыў Святога Айца ласкавай апецы Панны Марыі, Брамы Нябёсаў.

У малітве ўдзельнічалі сотні вернікаў з ружанцамі ў руках. Моніка з Вены збіралася ў Рым, каб прысутнічаць на кананізацыі благаслаўлёнага Карла Акуціса, але, даведаўшыся пра смерць Папы, не адмовілася ад падарожжа, а прыехала для таго, каб ушанаваць памяць Святога Айца.

Ружанец завяршыўся спевам “Salve Regina” і малітвай да Марыі “Salus Populi Romani” – Маці Божай, гатовай зноў прыняць у абдымкі свайго сына Францішка.

Ружанец у Санта-Марыя-Маджорэ
Ружанец у Санта-Марыя-Маджорэ
25 красавіка 2025, 13:56