Кардыналы мяркуюць: патрэбны Папа мудрасці, святасці і адвагі
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Кардынал Крыстаф Шонбарн, арцыбіскуп-эмерыт Венскі, 30 красавіка 2025 года перад пачаткам сёмай Генеральнай кангрэгацыі кардыналаў выказаў упэўненасць у тым, што наступніка Папы Францішка чакае вялікая місія, і ён будзе “святым і мудрым чалавекам”.
Пан ужо ведае, хто стане новым Папам
Як паведамляе “Kathpress” са спасылкай на выказванні іерарха для журналістаў, “Пан ужо ведае, хто стане новым Папам, і нават яго грамадзянства. Напэўна, гэта будзе чалавек святой мудрасці”. Шонбарн, якому споўнілася 80 гадоў, удзельнічае ў падрыхтоўчых сустрэчах, але з прычыны ўзросту не мае права ўваходу на самім выбарчы канклаў.
Падрыхтоўка да канклаву, які стартуе 7 мая 2025 года, ідзе ва ўмовах асаблівай адказнасці. Кожны дзень Калегія кардыналаў збіраецца ў Ватыкане, абмяркоўваючы не толькі арганізацыйныя пытанні перад выбарамі новага Пантыфіка, але і прынцыповыя тэмы, важныя для будучыні Касцёла. Пасля пахавання Папы Францішка 26 красавіка 2025 года, актыўна гучаць і развагі пра кірунак развіцця Касцёла і асобу наступніка.
Кардыналы шукаюць таго, каго ўжо выбраў Бог
“Той, каго мы выберам, ужо даўно падрыхтаваны Панам”, - гэтыя словы французскага кардынала Жан-Поля Веско, арцыбіскупа Алжыра і ўдзельніка будучага канклава, гучаць як нагадванне пра духоўную сутнасць моманту: “Сярод кардыналаў існуюць розныя адценні адчуванняў, але няма супрацьлеглых лагераў. Гэта не мы выбіраем Папу: мы мусім адшукаць таго, хто ўжо выбраны”. Пра гэта ён распавёў “La Repubblica” 30 красавіка 2025 года. Французскі іерарх мяркуе, што канклаў будзе кароткім, а асобы кандыдатаў ужо зараз становяцца больш выразнымі.
Не чыноўнік, а чалавек дыялогу
“Не чыноўнік, а чалавек дыялогу”, - так бачыць постаць новага Папы кардынал Луіс Рафаэль Сако, які прадстаяцель каталіцкіх халдэяў Ірака. У размове з італьянскай газетай “Il Messaggero” ён падкрэсліў: “Я не думаю пра новага Папу як пра чыноўніка, а хутчэй пра чалавека, які здольны адкрывацца і весці дыялог нават з мусульманскім светам. Мы, католікі, мусім дапамагаць мусульманам адкрываць узаемную павагу”.
Каб стварыць Касцёл будучыні, патрэбны любоў і час
Кардынал Анджэла Баньяска, былы старшыня епіскапату Італіі, выказаўся ў інтэрв’ю “Corriere della Sera” за неабходнасць не спяшацца на канклаве: “Кардыналаў шмат, і многія мала знаёмыя адзін з адным. Каб разам стварыць вобраз Касцёла будучыні, патрэбны любоў і час”.
Усе гэтыя выказванні канцэнтруюцца вакол галоўнага: Пантыфік павінен быць чалавекам святой мудрасці, адкрытым да свету і гатовым да дыялогу, каб павесці Касцёл па шляху сугучча і натхнення.