Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Рым рыхтуецца да Юбілею хворых і сферы аховы здароўя

Каля 20 тысяч пілігрымаў чакаецца на Юбілеі хворых і сферы аховы здароўя, які пройдзе з 5 па 6 красавіка 2025 года ў Рыме. У падзеі прымуць удзел пацыенты, урачы, медыцынскія работнікі, фармацэўты, фізіятэрапеўты, донары крыві з больш чым 90 краін свету.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дыкастэрыя па справах евангелізацыі паведаміла, што самыя вялікія дэлегацыі прыбудуць з Італіі, ЗША, Іспаніі, Калумбіі, Бразіліі, Францыі, Мексікі, Германіі, Харватыі, Філіпін і іншых краін.

Праграма Юбілею прадугледжвае сумесны праход праз Святую Браму Базілікі Святога Пятра, удзел у круглых сталах і мерапрыемствах культурнага і духоўнага характару, арганізаваных рознымі асацыяцыямі і рухамі ў цэнтры Вечнага горада.

5 красавіка на Іспанскай плошчы ў Рыме адбудзецца сустрэча на тэму “Каштоўнасць дару і салідарнасці”, арганізаваная ў супрацоўніцтве з італьянскім Міністэрствам аховы здароўя. Падчас яе выступяць прапрэфект Дыкастэрыі па справах евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела, міністр аховы здароўя Італіі Арацыа Скілачы і мэр Рыма Раберта Гуальцьеры.

У Папскім універсітэце Святога Крыжа пройдзе канферэнцыя на тэму паліятыўнай медыцыны, а на плошчы П'яца Рысарджэмента медыкі з розных краін будуць навучаць усіх ахвотных аказваць сардэчна-лёгачную рэанімацыю.

У рамках Юбілею хворых і сферы аховы здароўя побач з Базілікай Святога Яна на Латэране будзе дзейнічаць пункт збору крыві, а вікарыят Рымскай дыяцэзіі правядзе шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных праблемам залежнасцяў.

У касцёле Святой Монікі, побач з Ватыканам, адбудзецца канферэнцыя, прысвечаная благаслаўлёнай Бэнэдэце Б’янкі Поры – студэнтцы медыцынскага факультэта, якая памерла ад рэдкай хваробы. У сустрэчы прымуць удзел яе сястра і пастулятар яе кананізацыйнага працэсу.

Святкаванне Юбілею ўключае таксама багатую духоўную праграму з катэхезамі, малітвамі і эўхарыстычнымі адарацыямі ў інтэнцыі хворых. Кульмінацыяй падзеі стане святая Імша на Плошчы Святога Пятра, якую ў нядзелю 6 красавіка 2025 года ўзначаліць арцыбіскуп Рына Фізікела. Падчас літургіі іерарх зачытае гамілію, падрыхтаваную Папам Францішкам.
 

03 красавіка 2025, 09:18