Трэцяя Кангрэгацыя: вызначаны дэталі пахавання і канклава
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Трэцяя Генеральная Кангрэгацыя кардыналаў пачалася ў 9.00 з малітвы і завяршылася ў 12.00, уключаючы паўгадзінны перапынак. У сходзе прынялі ўдзел 113 кардыналаў, як паведаміў дырэктар Залы Друку Святога Пасада Матэа Бруні. Прагучала 34 выступленні, а кардыналы, якія яшчэ не зрабілі гэтага, прынеслі прысягу ў адпаведнасці з Апостальскай Канстытуцыяй "Universi Dominici Gregis".
Медытацыі для кардыналаў перад канклавам
Былі вызначаны імёны двух духоўных асоб, якія падрыхтуюць медытацыі для кардыналаў. Першую, запланаваную на пачатак наступнага тыдня, правядзе айцец Даната Альяры, абат бенедыктынскага абацтва Сан-Паола. Другую медытацыю, якая адбудзецца непасрэдна перад пачаткам канклава, правядзе кардынал Раньера Канталамеса.
"Падрыхтоўка да Канклава ідзе ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі Апостальскай Канстытуцыі, якая рэгулюе выбары новага Папы", - адзначыў Бруні.
Змены ў праграме Навендыялаў
Падчас брыфінгу было ўдакладнена, што на шосты дзень Навендыялаў (дзевяці дзён жалобы) Імшу будзе цэлебраваць кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, а не кардынал Фарэл, як планавалася раней. Таксама было абвешчана, што 24 красавіка 2025 года ўвечары Ружанец у базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ ўзначаліць кардынал Тагле, а заўтра – кардынал Піцабала, Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.
Пахаванне Папы Францішка
Матэа Бруні паведаміў, што з 11.00 23 красавіка да 13.00 24 красавіка 61 тысяча вернікаў аддала даніну павагі Папу Францішку ў Базіліцы Святога Пятра. Храм будзе адкрыты для развітання да поўначы 24 красавіка, хаця гэты тэрмін можа быць падоўжаны ў залежнасці ад колькасці вернікаў.
"Цырымонія пахавання будзе прыватнай, але ўжо з раніцы нядзелі 27 красавіка 2025 года вернікі змогуць наведаць магілу Папы Францішка ў базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ", - паінфармаваў прэс-сакратар.
Падчас Кангрэгацыі былі зачытаны параграфы з 1 па 23 Канстытуцыі "Universi Dominici Gregis", а таксама пачалася размова пра Касцёл і свет. Наступная Генеральная Кангрэгацыя адбудзецца заўтра, 25 красавіка 2025 года, у 9.00.
Таксама было адзначана, што ў суботу, 26 красавіка, у дзень пахавання Францішка, Ружанец у 21.00 будзе адбывацца на плошчы перад Базілікай Санта-Марыя-Маджорэ, а не ўнутры яе.
Матэа Бруні таксама паведаміў, што пакуль не ўсе кардыналы-выбаршчыкі прыбылі ў Рым. Яны працягваюць з'язджацца з розных куткоў свету для ўдзелу ў пахаванні Папы Францішка і будучым канклаве.