Пошук

Матэа Бруні, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы 

Святы Пасад: новыя дэталі падрыхтоўкі да канклава

На Шостай Генеральнай Кангрэгацыі прысутнічалі 183 кардыналы, з якіх крыху больш за 120 – выбаршчыкі, - паведаміў 29 красавіка 2025 года кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пасяджэнне распачалося раніцай у Ватыкане супольнай малітвай, пасля якой іерархі пачулі медытацыю бенедыктынскага абата Даната Альяры. Каля 20 кардыналаў выступілі з прамовамі, што датычыліся становішча Касцёла, выклікаў, з якімі ён сутыкаецца, прадстаўленых з перспектывы розных кантынентаў і рэгіёнаў паходжання іерархаў. Абмяркоўваўся таксама адказ, які Касцёл можа даць на гэтыя выклікі.

Два кардыналы-выбаршчыкі заявілі, што не будуць удзельнічаць у канклаве; прычынай стаў стан іх здароўя, - заявіў Бруні, нагадаўшы таксама, што Калегія кардыналаў накіравала пасланне да свету з падзякай за ўдзел у падзеях апошніх дзён і аказаную дапамогу.

Спаслаўшыся на Службу папскіх літургічных цэлебрацый, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы адзначыў, што святая Імша “Pro eligendo Pontifice” распачнецца 7 мая 2025 года ў 10.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе. Яе будзе цэлебраваць кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў.

Урачысты ўваход на канклаў і прысяга кардыналаў у Сікстынскай капэле распачнуцца 7 мая ў 16.30 па цэнтральнаеўрапейскім часе. Перш чым прыступіць да выбару Пантыфіка, яны выслухаюць медытацыю айца Раньера Канталамесы.

Увечары 5 мая прысягу складуць таксама прадстаўнікі духавенства і свецкія вернікі, якія будуць дапамагаць у правядзенні канклава. Прысяга будзе прамаўляцца ў Паўлінскай капэле Першай лоджыі Апостальскага палаца ў прысутнасці камерленга Святога Рымскага Касцёла, кардынала Кэвіна Джозэфа Фарэла.

29 красавіка 2025, 13:49