Чатыры маркі Ватыкана ўвекавечаць перыяд “Sede Vacante”
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
28 красавіка 2025 года Ватыкан пачынае продаж новай серыі паштовых марак, прысвечаных перыяду “Sede Vacante”, які пачаўся пасля смерці Папы Францішка 21 красавіка 2025 года. Такая філатэлістычная серыя з'яўляецца традыцыйнай для Ватыкана і выпускаецца ў перыяд паміж заканчэннем аднаго пантыфікату і выбарам новага Папы.
Балдахін Апостальскага Пасада і ключы – сімвалы пераемнасці
Серыя ўключае чатыры маркі наміналам 1,25, 1,30, 2,45 і 3,20 еўра. На кожнай з іх адлюстраваны балдахін Апостальскага Пасада, які падтрымліваюць анёлы, а пад ім – скрыжаваныя ключы. На марках змешчаны надпісы: “Sede Vacante MMXXV”, “Città del Vaticano” і адпаведны намінал.
Выпуск марак “Sede Vacante” – гэта не толькі філатэлістычная традыцыя, але і сімвал пераемнасці ў Каталіцкім Касцёле, а скрыжаваныя ключы на іх нагадваюць пра непарыўнасць і трываласць Касцёла нават у перыяд перамен.
Новыя маркі будуць даступныя для паштовага выкарыстання з 28 красавіка 2025 года ва ўсіх паштовых аддзяленнях Ватыкана, у тым ліку на Плошчы Святога Пятра.
Філатэлістычная каштоўнасць з абмежаваным тэрмінам
Акрамя серыі марак, будзе выпушчаны спецыяльны філатэлістычны набор, у які ўвойдуць усе чатыры маркі, афіцыйныя памятныя канверты і спецыяльны штэмпель, створаны для гэтай нагоды. Набор паступіць у продаж з 2 мая 2025 года.
Такога роду паштовыя знакі выпускаюцца толькі ў кароткі перыяд паміж пантыфікатамі, таму з’яўляюцца не толькі філатэлістычнай каштоўнасцю, але і гістарычным сведчаннем важнага моманту ў жыцці Каталіцкага Касцёла.