Пошук

Пілігрымы Юбілею 2025 года праходзяць праз Святую Браму Пілігрымы Юбілею 2025 года праходзяць праз Святую Браму  (ANSA)

Святы Пасад уносіць змены ў святкаванне Юбілейнага года

Праз падрыхтоўку да канклаву Святы Пасад абвясціў пра змены ў святкаванні Юбілею Людзей Працы і Прадпрымальнікаў у 2025 годзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дыкастэрыя па евангелізацыі 28 красавіка 2025 года абвясціла пра нязначныя, але істотныя карэкціроўкі ў праграме юбілейных святкаванняў для некаторых груп. Паводле афіцыйных звестак, змены закранулі асабліва Юбілей Людзей Працы і Юбілей Прадпрымальнікаў. Рашэнне тлумачыцца “абставінамі моманту”, а менавіта – інтэнсіўнай падрыхтоўкай да канклаву, якая патрабуе перагляду фармату масавых мерапрыемстваў. Святкаванні адбудуцца, але ў іншым фармаце.

Паводле новага рэгламенту, Юбілей Людзей Працы, запланаваны на 1-4 мая 2025 года, і Юбілей Прадпрымальнікаў, які пройдзе 4-5 мая 2025 года, будуць абмежаваныя асноўным сімвалічным этапам: удзельнікі змогуць прайсці праз Святую Браму ў Базіліцы Святога Пятра, а таксама ў іншых трох галоўных папскіх базіліках Рыма – Святога Яна на Латэране, Маці Божай Вялікай (дзе будзе магчымасць памаліцца на магіле Папы Францішка) і Святога Паўла па-за Мурамі. Астатнія запланаваныя сустрэчы і імпрэзы адменены.

Адначасова двухдзённы Юбілей Асоб з Інваліднасцю, 28-29 красавіка 2025 года, у якім удзельнічаюць 10 тысяч чалавек з 90 краін свету, праходзіць згодна з ранейшым планам. Адзінае выключэнне – скасаванне асабістай сустрэчы з Папам. Замест гэтага 29 красавіка ўдзельнікі на Плошчы Святога Пятра паслухаюць катэхезу, якую прамовіць прапраэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела, галоўны арганізатар Юбілею 2025 года.

Пры ўсіх зменах вернасць духу Юбілейнага года захоўваецца: пілігрымка, малітва і сімвал надзеі адкрытай Святой Брамы застаюцца галоўнымі элементамі для тысяч вернікаў з усяго свету.
 

29 красавіка 2025, 09:34