Зяленскі сустрэўся з кардыналамі Паралінам і Дзупі ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас сустрэчы з кардыналам Паралінам, які да нядаўняга часу займаў пасаду Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці, украінскі лідар выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Папы Францішка і падкрэсліў, што Украіна цэніць яго малітвы за краіну.
Пытанне справядлівага міру гучала асабліва востра
Асаблівая ўвага падчас перамоў была нададзена пошуку шляхоў да справядлівага і трывалага міру. Зяленскі паінфармаваў іерарха пра сумесныя з ЗША, Еўрапейскім саюзам і іншымі краінамі дыпламатычныя намаганні, накіраваныя на ўсталяванне поўнага, безумоўнага спынення агню.
Паводле інфармацыі, апублікаванай на афіцыйным сайце прэзідэнта Украіны, Кіеў разлічвае, што Святы Пасад будзе працягваць адыгрываць важную ролю ў аб'яднанні міжнародных намаганняў дзеля дасягнення міру, вяртання незаконна перамешчаных і дэпартаваных Расіяй украінскіх дзяцей, а таксама вызвалення палонных.
У той жа дзень у Пасольстве Украіны ў Італьянскай Рэспубліцы Уладзімір Зяленскі сустрэўся з кардыналам Матэа Дзупі, старшынёй Італьянскай Канферэнцыі Біскупаў, якога Папа Францішак прызначыў сваім спецыяльным пасланнікам па справах Украіны.
“Хочам вярнуць дзяцей дадому" – словы, якія сталі рэфрэнам сустрэчы
"Хочам вярнуць дзяцей дадому і таму зноў звяртаемся да Ватыкана па дапамогу", - заявіў Зяленскі, падкрэсліўшы, што вельмі шмат украінскіх дзяцей дагэтуль утрымліваюцца супраць іх волі на тэрыторыі Расіі.
Прэзідэнт Украіны выказаў удзячнасць за дапамогу з боку Святога Пасада, асабіста Папы і кардынала Дзупі ў рэпатрыяцыі незаконна дэпартаваных і перамешчаных Расіяй украінскіх дзяцей, а таксама вызваленні палонных. Менавіта гэтая тэма стала адной з ключавых падчас сустрэчы.
Зяленскі таксама падзякаваў за магчымасць сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Базіліцы Святога Пятра, адзначыўшы, што яна была вельмі пазітыўнай і падкрэсліўшы важнасць стратэгічнага партнёрства паміж Украінай і Злучанымі Штатамі Амерыкі.
Дыялог і дапамога – галоўныя словы Папы Францішка
"Менавіта гэтага хацеў Папа Францішак – каб быў дыялог, каб галоўныя героі маглі сустрэцца і вырашыць усе пытанні. Ён заўсёды казаў, што трэба рабіць больш для Украіны і для міру", - адзначыў падчас сустрэчы з украінскім лідарам кардынал Дзупі.