Кардынал Сандры: жэсты Францішка былі вельмі евангельскімі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Літургія прайшла ўвечары 30 красавіка 2025 года ў Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане. На ёй сабраліся члены Калегіі кардыналаў – бліжэйшыя супрацоўнікі Папы, якія служаць у Рымскай курыі і дыяцэзіях па ўсім свеце. У гэтых месцах пастыры Касцёла, прызначаныя Папам Францішкам, а таксама кіраўнікі структур Дзяржаўнага сакратарыята і Рымскай курыі павінны пастаянна жыць у духу служэння, наследуючы прыклад свайго Настаўніка і Пана, адзначыў у гаміліі кардынал Сандры.
Іерарх нагадаў, што адзін з тытулаў, які традыцыя прыпісвае Біскупу Рыма — “Слуга слугаў Божых”. Ён адзначыў, што памерлы Пантыфік таксама жыў у адпаведнасці з гэтым тытулам, выбіраючы месцы болю і самотнасці для абмыцця ног падчас Імшы Вячэры Пана, схіляючы калені і цалуючы ногі лідараў Паўднёвага Судана, молячыся аб дары міру. “Гэты жэст мог многім здацца абуральным, але на самой справе быў вельмі евангельскім”, - дадаў віцэ-дэкан Калегіі кардыналаў.
Кардынал Сандры таксама згадаў пра заклікі Папы Францішка да дыялогу паміж пажылымі людзьмі і моладдзю. “Наш дарагі Святы Айцец любіў паўтараць гэта, кажучы пра сустрэчу і дыялог паміж пакаленнямі, пра неабходнасць таго, каб пажылыя людзі дзяліліся сваімі марамі з моладдзю, а маладыя – з іх энергіяй і бачаннем – маглі пераўтварыць іх у рэальнасць”, - сказаў іерарх, нагадаўшы словы Папы пра тое, што “няма будучыні без сустрэчы старога і маладога, няма росту без каранёў і няма росквіту без новых парасткаў”.
“У пэўным сэнсе Папа Францішак скіроўвае гэтыя словы да Калегіі кардыналаў, якая складаецца з маладых і пажылых, у якой усе могуць дазволіць сабе вучыцца ў Бога, адчуць мару, якую Ён мае для свайго Касцёла, і паспрабаваць ажыццявіць яе з маладосцю і адноўленым запалам”, - дадаў віцэ-дэкан Калегіі кардыналаў.
“Пане, мы давяраем Табе Твайго слугу, Папу Францішка, каб Ты напоўніў яго радасцю ў Тваёй прысутнасці. Мы просім аб ласцы выканаць яго бачанне Касцёла – Касцёла, які абвяшчае таямніцу Хрыста, укрыжаванага і ўваскрослага! Маці Божая і Маці Касцёла, заступайся сваімі малітвамі за таго, хто прагнуў убачыць Твой любячы позірк і цяпер спачывае ў базіліцы, прысвечанай Табе”, - завяршыў гамілію кардынал Леанарда Сандры.