Пошук

Крыжовы шлях у Калізеі: Касцёл моліцца аб навяртанні свету

У Вялікую пятніцу, 18 красавіка 2025 года, у рымскім Калізеі прайшоў традыцыйны Крыжовы шлях, на якім сабраліся амаль 20 тысяч вернікаў. Ад імя Папы яго ўзначаліў генеральны вікарый Рымскай дыяцэзіі, кардынал Бальдасарэ Рэйна.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Старажытны абрад прайшоў у самым сэрцы Рыма, ля муроў амфітэатра, у якім калісьці адбываліся жорсткія забавы і відовішчы. Калізей, які з XVI стагоддзя па традыцыі лічыцца месцам пакутніцтва першых хрысціян, быў у 1750 годзе асвечаны Папам Бэнэдыктам XIV у памяць аб Муцы і смерці Хрыста і хрысціянскіх пакутнікаў. Крыжовы шлях Езуса на Галгофу – Via Crucis – праводзіцца тут штогод і складаецца з чатырнаццаці стацый, якія заклікаюць да роздуму і навяртання.

Падчас працэсіі прагучалі разважанні, напісаныя Святым Айцом для таго, каб дапамагчы ўдзельнікам глыбей зразумець сэнс ахвяры Хрыста дзеля збаўлення чалавецтва. Крыж па чарзе неслі розныя людзі: моладзь, сям'я, валанцёры, мігранты, духавенства, асобы з інваліднасцю, медыкі і іншыя вернікі. У падзеі прыняў удзел мэр Рыма Раберта Гуальцьеры.

Малітва на вуліцах горада

Кардынал Рэйна распачаў набажэнства словамі аб тым, што Крыжовы шлях “праходзіць па звычайных вуліцах”, і часта чалавек ідзе па іх у напрамку, процілеглым шляху Пана. Але робячы звычайны, паўсядзённы выбар, мы можам сустрэць Яго позірк, які заклікае нас павярнуцца.
Падрыхтаваныя Пантыфікам медытацыі агучылі каментатар “Vatican News” Арацыа Кокліта, актрысы Віторыя Бельведэр і журналістка італьянскага RAI Барбара Капоні. Малітвы і разважанні суправаджаў хор Сікстынскай капэлы пад кіраўніцтвам айца Маркаса Павана.

Заклік змяніць сэрцы

Францішак заклікаў "змяніць кірунак”, парушыць "нашы звычайныя шляхі", пераадолець руціннасць і самадастатковасць. Ён падкрэсліў, што сапраўдная свабода і радасць прыходзяць толькі праз любоў, якая не шукае ўзнагароды. Калі мы давяраем ласкаваму позірку Хрыста, “усё зноў квітнее: горад, які раздзіраюць падзелы і канфлікты, ідзе да прымірэння; засохлая рэлігійнасць зноў адкрывае плён абяцанняў Бога", а "каменнае сэрца можа ператварыцца ў сэрца з плоці".

Крыжовы шлях у Калізеі
Крыжовы шлях у Калізеі   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Крыж нясуць розныя людзі

У другой стацыі, калі Папа заклікаў узяць на сябе адказнасць, перамагаючы эгаізм і абыякавасць, крыж несла моладзь. У трэцяй стацыі, калі Езус падае ўпершыню, валанцёры “Карытас” сімвалізавалі клопат аб людзях, якія пакутуюць. Сям’я выйшла на пярэдні план у чацвёртай стацыі, якая нагадала пра моцную духоўную сувязь Езуса і Яго Маці. У пятай стацыі, дзе Хрысту дапамагае кірэнэец, крыж неслі валанцёры дабрачыннай арганізацыі UNITALSI, якая дапамагае хворым. У шостай стацыі, калі Вераніка выцірае твар Езуса, крыж неслі манахі, а медытацыя заклікала шукаць і сузіраць аблічча Хрыста, каб дазволіць Яму палюбіць сябе і быць здольным зноў палюбіць блізкага.
У сёмай стацыі, калі Езус падае ў другі раз, крыж неслі выхавацелі. Яны сімвалізавалі працэс росту чалавека як шлях падзенняў і пад’ёмаў, на якім важна прымаць людзей такімі, якія яны ёсць, не патрабуючы дасканаласці, але накіроўваючы іх да Хрыста. У восьмай стацыі, дзе Езус сустракае жанчын, якія плакалі па Ім, крыж перадалі манахіням з Ордэна ўдоў (Ordo Viduarum). Папа ў сваім разважанні звярнуў увагу на каштоўнасць слёз – асабліва слёз раскаяння і шчырасці, якія адраджаюць жыццё. Затым крыж панеслі спаведнікі, як напамін пра Божаю міласэрнасць да грэшніцы, якой Хрыстус дараваў шматлікія грахі. У дзесятай стацыі, калі Езуса распранаюць, крыж неслі людзі з абмежаванымі магчымасцямі, нагадваючы аб тым, што Езус узяў на сябе нашы раны і слабасці. У адзінаццатай стацыі крыж перадалі валанцёрам Юбілейнага года, каб нагадаць аб тым, што крыж Езуса вядзе да прабачэння і прымірэння. У дванаццатай стацыі крыж неслі мігранты, якіх грамадства часта пакідае на ўзбочыне, а ў трынаццатай – медыцынскія работнікі, з дапамогай якіх Папа заклікаў паразважаць пра клопат аб слабых і хворых.

Via Crucis
Via Crucis   (ANSA)

Прыняць "Божую эканоміку" замест алгарытмаў

Напрыканцы працэсіі ў сваім разважанні Францішак заклікаў адмовіцца ад масак крывадушнасці і "ад стомы", калі "нам здаецца, што ў нас няма сіл прысвячаць сябе іншым" або калі "мы шукаем апраўдання, каб пазбавіцца ад адказнасці". Ён заахвоціў вернікаў замест “халоднай логікі” алгарытмаў і тэхналогій, якія “падманваюць нас усемагутнасцю”, прыняць "Божую эканоміку", якая не забівае, не адкідае і не руйнуе.

Via Crucis
Via Crucis   (ANSA)

Адрадзіць братэрства

Папа заклікаў адрадзіць братэрства ў Касцёле, каб ён стаў адзіным цэлым, як туніка Езуса. Ён нагадаў, што смерць Хрыста на крыжы – гэта не канец, а пачатак новага жыцця, бо нават пасля смерці Хрыстус працягвае валадарыць. Папа заклікаў вернікаў працягваць служэнне Езуса: карміць галодных, апранаць голых, адведваць хворых і зняволеных, прымаць чужынцаў, хаваць памерлых.

Мэр Рыма Раберта Гуальцьеры на Крыжовым шляху
Мэр Рыма Раберта Гуальцьеры на Крыжовым шляху   (ANSA)

Малітва святога Францішка Асізскага

Крыжовы шлях завяршыўся малітвай святога Францішка Асізскага з просьбай да Бога асвятліць цемру сэрца і даць правільную веру, моцную надзею, дасканалую любоў і глыбокую пакору.

Via Crucis
Via Crucis   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)
19 красавіка 2025, 12:14