Папа Францішак пахаваны ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пасля заканчэння літургіі і абрадаў апошняга развітання труна з целам Святога Айца пад гукі магутных званоў была ўнесеная ў Базіліку Святога Пятра. Затым, пакладзеная на белы папамабіль, яна назаўсёды пакінула Ватыкан і ў суправаджэнні паліцэйскага картэжу матацыклістаў на малой хуткасці адправілася ў свой апошні шлях.
Развітацца са сваім пастырам на вуліцы Вечнага горада выйшлі тысячы людзей. Уздоўж маршруту гучалі гучныя апладысменты – знак вялікай пашаны да Папы Францішка. Раздаваліся воклічы: “Дзякуй!”, “Вялікі Папа Францішак!”. Праваахоўнікі сустракалі жалобны картэж вайсковым прывітаннем. Некаторыя людзі кідалі на дарогу белыя кветкі.
Згодна з запаветам Святога Айца, ён быў пахаваны ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ – галоўным багародзічным храме Вечнага горада. Цырымонія тумуляцыі насіла прыватны характар і не транслявалася СМІ.
Пантыфік знайшоў спачын у простай магіле паміж Паўлінскай капліцай і капліцай Сфорца. Абрад праводзіў камерленга Святога Рымскага Касцёла, кардынал Кэвін Джозэф Фарэл. Удзельнікі цырымоніі прасілі Бога прыняць душу Папы Францішка ў “жытло міру і святла” і дараваць яму “шчасце і супольнасць са святымі і выбранымі”.