Пахаванне Папы Францішка: падрабязнасці абраду тумуляцыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Апошні шлях Пантыфіка пройдзе згодна з яго запаветам, у якім ён выказаў жаданне быць пахаваным у базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ. Гэта старажытная святыня, куды ён заўсёды прыходзіў маліцца перад і пасля кожнага Апостальскага падарожжы.
Працэсія і малітвы падчас тумуляцыі
Цырымонія тумуляцыі будзе праходзіць пад кіраўніцтвам кардынала Кэвіна Джозэфа Фарэла, камерленга Святога Рымскага Касцёла. Падчас працэсіі перанясення труны да месца пахавання будуць гучаць антыфоны і псальмы, у тым ліку словы з Евангелля паводле Яна: "Я ёсць уваскрасенне і жыццё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, будзе жыць".
Падчас цырымоніі будуць гучаць малітвы заступніцтва, у якіх удзельнікі будуць прасіць Бога прыняць душу Папы Францішка ў "жытло міру і святла" і дараваць яму "шчасце і супольнасць са святымі і выбранымі".
Дэталі цырымоніі пахавання
Пасля малітваў і спеву "Ойча наш" труна з целам Пантыфіка будзе апушчана ў магілу. На драўлянай труне будуць пастаўлены пячаткі кардынала-камерленга, Прэфектуры Папскага дома, Бюро літургічных цэлебрацый і капітула.
Згодна з апублікаваным літургічным буклетам, цела Пантыфіка будзе пахавана ў простай магіле паміж Паўлінскай капліцай і капліцай Сфорца, у адпаведнасці з жаданнем самога Францішка.
Натарыус Капітула базілікі Санта-Марыя-Маджорэ складзе аўтэнтычны акт, які засведчыць факт тумуляцыі, і прачытае яго прысутным. Затым дакумент будзе падпісаны кардыналам-камерленгам, рэгентам Папскага дома, майстрам папскіх літургічных цэлебрацый і, нарэшце, натарыусам.
Пахавальная Імша
Варта адзначыць, што пахавальная Імша адбудзецца ў суботу, 26 красавіка 2025 года, у 10 гадзін раніцы на плошчы перад Базілікай Святога Пятра. Літургію ўзначаліць кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў.
Шматлікія кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ужо абвясцілі аб сваім удзеле ў цырымоніі, сярод іх прэм'ер-міністр Італіі Джорджыа Мелоні, прэзідэнты Зяленскі, Трамп, Лула, Макрон, Мілей, Штайнмаер, Дуда, Балаян. Таксама чакаецца прысутнасць каралеўскіх асоб Бельгіі, Іспаніі, Манака.
Пасля смерці Папы Францішка Канклаў для выбару новага Пантыфіка павінен адбыцца не пазней за 10 мая.