Святы Пасад падзякаваў удзельнікам пахавання Францішка
Марыя Валодзіна - Vatican News
Калегія кардыналаў выказала сардэчную падзяку кіраўнікам Цэркваў і некаталіцкіх хрысціянскіх супольнасцей, а таксама прадстаўнікам юдаізму, ісламу і іншых рэлігій за іх прысутнасць на пахаванні Папы Францішка.
Кардыналы з удзячнасцю адзначылі салідарнасць, якая была праяўлена ў момант жалобы. Яны выказалі асобную падзяку ўсім грамадзянскім дэлегацыям і тым, хто іх узначальваў: манархам, прынцам, кіраўнікам дзяржаў і ўрадаў, міністрам і іншым афіцыйным асобам, чыя прысутнасць стала данінай павагі Пантыфіку і яго нястомнай працы на карысць веры, міру і братэрства паміж народамі.
Асобная ўдзячнасць была адрасавана італьянскім уладам, гораду Рыму, службе аховы парадку, грамадзянскай абароне, сродкам масавай інфармацыі, а таксама супрацоўнікам Святога Пасада і Губернатарата Дзяржавы Ватыкан за іх вялікі ўклад у арганізацыю пахавальных урачыстасцяў, якія прайшлі ў спакойнай атмасферы.
Напрыканцы паслання кардыналы скіравалі словы ўдзячнасці тысячам хлопцаў і дзяўчат, якія 27 красавіка 2025 года прынялі ўдзел у Юбілеі падлеткаў, “прадэманстраваўшы твар жывога Касцёла, які жыве верай у Уваскрослага Пана, а таксама ўсяму народу Божаму, які з надзеяй ідзе ў будучыню”.