Пошук

Матэа Бруні, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы  (AFP or licensors)

Кардыналы размаўлялі пра эканамічную сітуацыю Святога Пасада

На Сёмай Генеральнай Кангрэгацыі абмяркоўваліся эканамічныя выклікі, што стаяць перад Святым Пасадам, а таксама палярызацыя ў Касцёле, евангелізацыя і важнасць паслядоўнасці.

Аляксандр Панчанка -Vatican News

Нарада распачалася раніцай 30 красавіка 2025 года супольнай малітвай. У ёй бралі ўдзел больш за 180 кардыналаў, з якіх 124 – выбаршчыкі, паведаміў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.

Першую частку пасяджэння кардыналы прысвяцілі разгляду эканамічнай і фінансавай сітуацыі Святога Пасаду. Кардынал Рэйнхард Маркс, каардынатар Рады па эканамічных пытаннях, распавёў пра некаторыя выклікі, праблемы і прапановы, мэта якіх – забяспечыць устойлівасць эканамічных структур, каб яны маглі працягваць падтрымліваць рэформы папства.

Кардынал Кэвін Джозэф Фарэл, адказны за інвестыцыі Святога Пасаду, пазнаёміў прысутных з дзейнасцю Камісіі па інвестыцыях. Кардынал Крыстаф Шонбарн, старшыня Камісіі кардыналаў па наглядзе за дзейнасцю Інстытута рэлігійных спраў (IOR), паведаміў пра становішча гэтай установы.

Кардынал Фернанда Вергес Альсага, які дагэтуль займаў пасаду кіраўніка Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, распавёў пра эканамічную сітуацыю гэтай структуры, а таксама пра некаторыя рамонтныя работы, што праводзяцца ў Ватыкане. Кардынал Конрад Краеўскі, прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, паведаміў пра дабрачынную дзейнасць Святога Пасаду.

У другой частцы Кангрэгацыі каля чатырнаццаці кардыналаў выступілі з прамовамі, што датычыліся розных тэм, у тым ліку эклезіялогіі Божага народа. Яны назвалі ранай палярызацыю ў Касцёле і падзелы ў грамадстве. Абмяркоўваліся сінадальнасць, з’яднаная з біскупскай калегіяльнасцю, як шлях пераадолення гэтай палярызацыі, пакліканні да святарскага і манаскага жыцця. Іерархі часта спасылаліся на Другі Ватыканскі Сабор, у прыватнасці на канстытуцыі “Lumen gentium” і “Gaudium et spes”. Гаворка ішла таксама пра евангелізацыю і неабходнасць паслядоўнасці паміж жыццём і прапаведаваннем.

Наступная Генеральная Кангрэгацыя пройдзе 2 мая.

 

30 красавіка 2025, 14:19