Пошук

Кардынал Крыстабаль Лопэс Рамэра (у цэнтры) Кардынал Крыстабаль Лопэс Рамэра (у цэнтры) 

Кардынал Рамэра: мы спрабуем стварыць духоўны партрэт будучага Папы

“Мы разглядаем дні перад канклавам як магчымасць сумесна стварыць духоўны партрэт будучага Папы”, - падзяліўся з Vatican News мараканскі кардынал Крыстабаль Лопэс Рамэра, арцыбіскуп Рабата.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Для мяне, як для чалавека новага ў свеце кардыналаў, Генеральныя Кангрэгацыі маюць дзве мэты. Па-першае, нам трэба пазнаёміцца, бо мы не вельмі добра ведаем адзін аднаго”, - сказаў іерарх, адзначыўшы, што гаворка ідзе не толькі пра асабістае знаёмства, але таксама пра магчымасць разам паразважаць пра будучыню Касцёла.

“Па-другое, Генеральныя Кангрэгацыі даюць нам магчымасць падзяліцца сваім бачаннем свету і Касцёла сёння, а таксама той ролі, якую Касцёл павінен адыграваць у будучыні чалавецтва”, - дадаў ён.

Кардынал Крыстабаль Лопэс Рамэра адзначыў, што дні перад канклавам – гэта таксама магчымасць стварыць духоўны партрэт будучага Папы. “Падзяліўшыся ўласным бачаннем, мы ў выніку атрымліваем аб’ектыўную і даволі шырокую панараму цяперашняй сітуацыі ў свеце і Касцёле. І такім чынам у нас будуць добрыя ўмовы для стварэння таго, што я называю “фантомным вобразам” новага Папы”, - сказаў ён.

Успамінаючы пра Папу Францішка, кардынал Рамэра прызнаўся, што асаблівым чынам яго кранула мова Святога Айца, якая выходзіць за межы слоў. “Бачыць, як ён схіляе калені перад палітычнымі лідарамі Паўднёвага Судану і пытаецца ў іх, ці можа ён пацалаваць ім ногі і папрасіць аб міры – гэта каштуе больш, чым энцыкліка аб міры”, - сцвердзіў іерарх.

Кардынал лічыць, што час, праведзены Касцёлам з Папам Францішкам, быў канструктыўным дзякуючы яго духоўнай глыбіні. “Няма сумневаў, што спадчына, якую пакінуў нам Папа Францішак, будзе незабыўнай і будзе накіроўваць Касцёл у будучыя дзесяцігоддзі. Не таму, што яна паходзіць ад Францішка, а таму, што сваімі словамі і жэстамі ён вярнуў нас да каранёў, гэта значыць да Евангелля і Хрыста”, - сказаў іерарх, падкрэсліўшы, што каштоўнасць вучэння Папы заключаецца не ў яго асобе, а ў здольнасці заахвочваць нас чэрпаць з крыніцы Евангелля.
 

01 мая 2025, 11:11